NATO падоўжыла на год паўнамоцтвы генэральнага сакратара Столтэнбэрга

Енс Столтэнберг падчас саміту ў Мадрыдзе. Архіўнае фота

Гэта ўжо трэцяе падаўжэньне тэрміну паўнамоцтваў 64-гадовага Енса Столтэнбэрга.

NATO 4 ліпеня падоўжыла кантракт з генэральным сакратаром Енсам Столтэнбэргам яшчэ на год. Гэтым самым альянс вырашыў застацца з дасьведчаным лідэрам, а не спрабаваць дамовіцца аб яго пераемніку падчас вайны ў Эўропе, паведамляе Reuters.

Столтэнбэрг, былы прэмʼер-міністар Нарвэгіі, узначальвае Паўночнаатлянтычны альянс з 2014 года, яго паўнамоцтвы ўжо тры разы падаўжаліся.

31 краіна NATO змагаецца з двайной задачай — падтрымаць Украіну падчас расейскай ваеннай агрэсіі, пры гэтым пазьбягаючы непасрэднага канфлікту паміж сіламі NATO і Расеі.

64-гадовы Столтэнбэрг лічыцца дасьведчаным лідэрам. У твітэры Столтэнберг напісаў, што для яго гонар падоўжыць тэрмін яго паўнамоцтваў да 1 кастрычніка 2024 году.


«Трансатлянтычная сувязь паміж Эўропай і Паўночнай Амэрыкай гарантуе нашу свабоду і бясьпеку на працягу амаль 75 гадоў, і ва ўсё больш небясьпечным сьвеце наш альянс важнейшы, чым калі-небудзь», — сказаў ён.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Столтэнберг: NATO ня бачыць прыкмет таго, што Расея рыхтуецца выкарыстаць ядзерную зброю