Стрыечнага брата прадстаўніка штабу палка Каліноўскага судзяць другі раз запар

Сяргей Франчук, архіўнае фота

Сяргей Франчук мае трэцюю групу інваліднасьці, яго ўжо асудзілі на тры гады калёніі за ўдзел у пратэстах. Цяпер яго судзяць за абразу Лукашэнкі.

У судзе Бабруйскага раёну 4 ліпеня аднавіўся закрыты суд над палітзьняволеным Сяргеем Франчуком. На гэты раз яго абвінавачваюць у абразе Аляксандра Лукашэнкі паводле ч. 1 арт. 368 Крымінальнага кодэксу.

Як паведамляе «Вясна», справу разглядае судзьдзя Вольга Серакова. Суд праходзіць у закрытым рэжыме.

Новы суд над Франчуком пачаўся яшчэ ў траўні, аднак у працэсе быў абвешчаны перапынак да разгляду ягонай апэляцыйнай скаргі на папярэдні прысуд. Касацыйная скарга Сяргея ў Вярхоўным судзе засталася без задавальненьня.

Сяргей Франчук — стрыечны брат прадстаўніка палка Кастуся Каліноўскага Вадзіма Кабанчука. Яго затрымалі 9 жніўня 2022 года. Вядома, што яго забралі з кватэры бацькоў у Бабруйску, дзе ён жыў апошнім часам. У гэты дзень бацькі Сяргея былі на лецішчы, і пяць чалавек зь менскага АМАПу ўварвалася ў кватэру, выцялі яго пісталетам па галаве, правялі вобшук, забралі мабільны тэлефон, ноўтбук і самога Сяргея Франчука.

У Менскім гарадзкім судзе ў красавіку 2023 Франчука асудзілі на тры гады калёніі ва ўмовах агульнага рэжыму нібыта за распальваньне варожасьці, а таксама ў арганізацыі і падрыхтоўцы дзеяньняў, якія груба парушаюць грамадзкі парадак, альбо актыўным удзеле ў іх (ч. 1 арт. 342 КК).

Сяргей Франчук — стрыечны брат намесьніка камандзіра палку Кастуся Каліноўскага Вадзіма Кабанчука. Франчук мае трэцюю групу інваліднасьці.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Намесьнік камандзіра палка Каліноўскага Кабанчук: рыхтуем вызвольны паход на Менск