У Гаазе ў рамках Эўраюсту (структура Эўразьвязу для супрацы ў сфэры крымінальнага правасудзьдзя. — РС) пачаў працаваць Міжнародны цэнтар расьсьледаваньня злачынстваў расейскай агрэсіі супраць Украіны.
Як паведамляецца на сайце Эўрапейскай камісіі, гэты цэнтар будзе мець «ключавое значэньне» для расьсьледаваньня расейскіх ваенных злачынстваў ваа Ўкраіне.
У склад Цэнтру ўключылі прадстаўнікоў нацыянальных пракуратур, якія будуць працаваць разам, хутка абменьвацца доказамі і дамаўляцца аб агульнай стратэгіі. Эўраюст будзе аказваць апэратыўную, юрыдычную, фінансавую і матэрыяльна-тэхнічную падтрымку, у тым ліку для захаваньня доказаў і іх аналізу.
«Гэтая праца важная для падрыхтоўкі да будучых судовых працэсаў, няхай гэта будзе ў нацыянальных або міжнародных судах, у тым ліку ў магчымым трыбунале аб злачынствах агрэсіі або Міжнародным крымінальным судзе аб злачынствах, якія ўваходзяць у яго юрысдыкцыю», — адзначаецца ў паведамленьні Эўракамісіі.
«Уварваньне Расеі ва Ўкраіну працягвае прыносіць невымоўныя жахі кожны дзень. Глыбока трывожныя навіны аб наўмысных нападах на мірных жыхароў, у тым ліку дзяцей, сталі штодзённым жорсткім напамінам аб кровапраліцьці, якое Пуцін прынёс на наш кантынэнт», — заявіла прэзыдэнтка Эўракамісіі Ўрзуля фон дэр Ляен.
Міжнародны крымінальны суд (МКС), які таксама базуецца ў Гаазе, ня мае мандату на расьсьледаваньне больш шырокіх злачынстваў расейскай агрэсіі. МКС займаецца канкрэтнымі ваеннымі злачынствамі і злачынствамі супраць чалавецтва ва Ўкраіне.
У сакавіку 2023 году МКС выдаў ордэр на арышт Уладзіміра Пуціна ў сувязі з падазрэньнямі ў ягонай датычнасьці да незаконнай дэпартацыі дзяцей з Украіны ў Расею.
«Сярод сапраўднай цемры і пакутаў, якія мы бачылі па ўсёй Украіне, мы таксама бачылі, як зьяўляецца сьвятло ў стварэньні новых партнэрскіх дачыненьняў у пытаньнях прыцягненьня да адказнасьці. У сваім сёньняшнім пасланьні я дакладна заяўляю, што мы застаёмся адданымі далейшаму ўмацаваньню супрацы з Эўраюстам і нацыянальнымі органамі ўлады, якія мы пабудавалі за апошні год у межах дзейнасьці супольнай сьледчай групы», — заявіў пракурор Міжнароднага крымінальнага суда Карым Хан.
У сваю чаргу генэральны пракурор Украіны Андрэй Косьцін заявіў, што супольныя высілкі дапамогуць аднавіць справядлівасьць.
«Гэта азначае непазьбежнае пакараньне агрэсара — Расеі, якая разьвязала самую крывавую вайну ў Эўропе і працягвае штодзень парушаць міжнароднае права і правы чалавека», — сказаў Андрэй Косьцін.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Зяленскі ў Гаазе заявіў пра жаданьне бачыць там ПуцінаВайна Расеі супраць Украіны
- А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе па просьбе груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах абласьцей. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
- Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам.
- Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб'екты, расейцы бамбяць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
- 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фотаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяр масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
- З 24 лютага Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый у Харкаўскай вобласьці.
- Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якія Расея не кантралявала.
- 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
- У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
- 3 верасьня ўкраінскі брыгадны генэрал Аляксандар Тарнаўскі заявіў, што Ўзброеныя сілы Ўкраіны прарвалі першую лінію абароны на запароскім кірунку, на якую расейцы выдаткавалі больш за ўсё рэсурсаў.
- У канцы 2023 і на пачатку 2024 расейцы працягвалі масавыя абстрэлы ўкраінскіх гарадоў: Дніпры, Кіеве, Харкаве, Адэсе і іншых месцах дзясяткі людзей загінулі і атрымалі раненьні. Украінскі бок у адказ абстрэльваў расейскі Белгарад, некалькі чалавек загінулі. Узброеныя сілы дзьвюх краін рэгулярна атакуюць падкантрольныя адна адной тэрыторыі бесьпілётнікамі.
- Агулам з пачатку 2024 году ўкраінскія дроны пашкодзілі 18 расейскіх НПЗ, што прывяло да скарачэньня вытворчасьці амаль на 14%. У сакавіку былі атакаваныя такія абʼекты, як Разанскі НПЗ «Раснафты» і завод «Лукойла» ў Кстове ў Ніжагародскай вобласьці. Абодва ўваходзяць у топ-10 найбуйнейшых НПЗ Расеі і забясьпечваюць бэнзінам Маскву.
- 6 жніўня 2024 году Ўкраіна пачала апэрацыю ў Курскай вобласьці. 19 жніўня прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі заявіў, што пад кантролем Украіны ў ходзе апэрацыі Ўзброеных сілаў Украіны знаходзяцца 92 паселішчы Курскай вобласьці Расеі. Галоўнакамандуючы Ўзброенымі сіламі Ўкраіны Аляксандар Сырскі ўдакладніў, што такіх населеных пунктаў 82. Улады Ўкраіны заявілі пра стварэньне ваенных камэндатураў і арганізацыі перадачы «гуманітарнай дапамогі ў населеныя пункты, якія знаходзяцца пад кантролем Украіны». Экспэрты Інстытуту вывучэньня вайны, прааналізаваўшы заявы і відэаматэрыялы з геалякацыяй, выказалі меркаваньне, што Ўкраіна кантралюе ў Курскай вобласьці ня ўсю тэрыторыю ў заяўленых межах прасоўваньня.
- 16-18 жніўня ўкраінскія сілы падарвалі тры масты, якія мелі стратэгічнае значэньне для матэрыяльна-тэхнічнага забесьпячэньня групоўкі расейскіх войскаў ва Ўкраіне і вайсковай авіяцыі, якая базуецца ў Курскай вобласьці.
- 17 лістапада Джо Байдэн зьняў абмежаваньні на нанясеньне ўдараў амэрыканскай дальнабойнай зброяй па тэрыторыі Расеі.
- Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.