Сёньня адбыўся чарговы суд над каталіцкім вернікам Уладзіславам Беладзедам, паведамляе «Хрысьціянская Візія».
Судзьдзя Карсюк вынес пастанову аб арышце на 15 сутак па арт. 19.11 КаАП (распаўсюджваньне экстрэмісцкіх матэрыялаў).
Паводле відавочцаў, пасьля 30 сутак праведзеных на Акрэсьціна, Уладзіслаў выглядае як чалавек, які падвяргаўся катаваньням і бесчалавечнаму абыходжаньню. Але ён захоўвае маральную моц.
«Хрысьціянская Візія» сьцьвярджае, што першае спагнаньне ў выглядзе арышту на яго было накладзенае за перасылку адной з пропаведзяў Патрыярха Кірыла.
- Уладзіслаў Беладзед — выпускнік Інстытуту тэалёгіі БДУ, пасьля заканчэньня якога паступіў у рымска-каталіцкую сэмінарыю і праходзіў практыку ў Архікатэдральным саборы. Пасьля яго арышту курыя Менска-Магілёўскай архідыяцэзіі выступіла з заявай аб тым, што Ўладзіслаў быў тры гады таму, у лютым 2020 году, адлічаны з сэмінарыі. Таксама курыя паведаміла, што ініцыявала кананічнае расьсьледаваньне ў сувязі са здарэньнем.
- Уладзіслаў, як сьцьвярджаюць яго сваякі, мае сур’ёзныя праблемы са здароўем. Пасьля затрыманьня, паводле «Хрысьціянскай візіі», ён падвяргаўся катаваньням, жорсткаму абыходжаньню, бесчалавечным і прыніжаючым чалавечую годнасьць адносінам.
- На другім судзе сваякі Ўладзіслава Беладзеда пабачылі ў яго сьляды пабояў.