Напярэдадні Дня незалежнасьці ўлады склікаюць «усебеларускую малітву»

Карціна Аляксея Марачкіна «Малітва за Беларусь»

Малітву «За Беларусь!» ініцыяваў Беларускі фонд міру.

Мэта малітвы – «стварыць купал бясьпекі» для Беларусі і спыніць пакуты людзей там, дзе ідуць войны, паведамляе БЕЛТА.

Ініцыятары заклікаюць усіх 2 ліпеня «прыйсьці ў свае храмы: цэрквы, касьцёлы, малітоўныя дамы, мячэці, сынагогі – і зьвярнуцца да Ўсявышняга з малітвай за Беларусь, з просьбай аб дабрабыце яе людзей». Тым, у каго няма магчымасьці наведаць у гэты дзень храм, прапануецца запаліць дома сьвечку.

Ініцыятыву, як паведамляецца, падтрымалі кіраўнікі асноўных рэлігійных канфэсій Беларусі, якія ўваходзяць у склад праўленьня Беларускага фонду міру, а таксама Ўпаўнаважаны ў справах рэлігій і нацыянальнасьцей Беларусі. Паводле інфармацыі Фонду, у ягоным складзе – прадстаўнікі 25 рэлігійных канфэсіяў.

  • У сакавіку гарадзенскія ўлады прапанавалі касьцёлам у Дзень Канстытуцыі памаліцца аб «міры, прымірэньні і яднаньні народа Беларусі».
  • Малітву за Беларусь напярэдадні 3 ліпеня ўлады арганізоўваюць ужо некалькі гадоў.
  • З 2020 года рэпрэсіі ў Беларусі зазналі ня менш як 45 сьвятароў.
  • Улады ад 2020 году забаранілі выконваць у храмах гімн «Магутны Божа».
  • 2023 год абвешчаны ў Беларусі «Годам міру і стварэньня».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Зьнішчаюць цэрквы, даносяць у прыходах, кідаюць за краты. Як у Беларусі ціснуць на сьвятароў