Лукашэнка падпісаў Закон аб СМІ. Замежным СМІ зь «недружалюбных» краін пагражае забарона

Ілюстрацыйнае фота

Закон прадугледжвае магчымасьць увядзеньня забароны на дзейнасьць замежных СМІ на тэрыторыі Беларусі ў «выпадку праявы замежнымі дзяржавамі недружалюбных дзеяньняў у адносінах да беларускіх СМІ».

Савет міністраў, які распрацаваў законапраект, сьцьвярджаў, што закон уводзіцца ў якасьці «сымэтрычных мер» на блякіроўкі доступу да беларускіх СМІ краінамі Захаду.

Пашыраецца пералік падставаў для ануляваньня пасьведчаньня аб дзяржаўнай рэгістрацыі СМІ і абмежаваньня доступу да інтэрнэт-рэсурсу, сеткавага выданьня, агрэгатара навін, паведамляе сайт president.gov.by.

Паводле закону, будуць вызначацца «асаблівасьці функцыянаваньня навінавых агрэгатараў і прававы статус іх уладальнікаў».

Дэталізуюцца абмежаваньні для інтэрнэт-рэсурсаў, якія распаўсюджваюць прадукцыю тэлевізійных і радыёвяшчальных мэдыяў.

  • Падчас абмеркаваньня новай рэдакцыі Закон ў Палаце прадстаўнікоў у красавіку 2023 дэпутаты казалі пра неабходнасьць «абараняць нацыянальную інфармацыйную прастору Беларусі». «І вычышчаць з галавы нашага пакаленьня гэтае трызьненьне! – настойваў тады дэпутат Алег Гайдукевіч. – Лухта, якую нам забівалі ў канцы 80-х і пачатку 90-х. Яна дагэтуль у некаторых сядзіць. Вось гэтыя казкі: «свабода слова» – лухта гэта!»
  • У Закон аб СМІ, прыняты ў 2008 годзе, пэрыядычна дадавалі зьмены, апошні раз – у 2021-м. Навацыі тады пашырылі пералік інфармацыі, забароненай для распаўсюджаньня ў СМІ.
  • У Беларусі практычна не засталося незалежных грамадзка-палітычных СМІ. Многія рэдакцыі пасьля разгрому (ператрусы, канфіскацыя тэхнікі, арышты, блякіроўка) альбо закрыліся, альбо працуюць за мяжой. За кратамі знаходзяцца 34 прадстаўнікі СМІ.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: За кратамі, бо журналісты