У памежнай службе Ўкраіны ацанілі імаверную колькасьць «вагнэраўцаў», якіх могуць разьмясьціць у Беларусі

Сьпікер Дзяржаўнай памежнай службы Ўкраіны Андрэй Дземчанка

Беларусь можа разьмясьціць на сваёй тэрыторыі да 8 тысяч расейскіх наймітаў ПВК «Вагнэр», заявіў у камэнтары «Украінскай праўдзе» сьпікер Дзяржаўнай памежнай службы Ўкраіны Андрэй Дземчанка.

На думку Дземчанкі, улічваючы падтрымку, якую Расеі надае Беларусь, колькасьць наймітаў, якіх захоча прыняць Лукашэнка, можа быць вельмі значнай: гаворка можа ісьці пра 8 тысяч чалавек, кажа афіцэр. Паводле яго, знаходжаньне наймітаў ПВК «Вагнэр» у Беларусі складзе дадатковую патэнцыяльную пагрозу Ўкраіне, у першую чаргу зьвязаную з дывэрсійнай работай і стварэньнем рознага кшталту правакацый.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Пад Асіповічамі будуюць найбуйнейшы ў Беларусі намётавы лягер на 15 тысяч чалавек. Ці для «Вагнэра»? Спадарожнікавыя здымкі

Паводле Дземчанкі, абстаноўка на мяжы на цяперашні момант застаецца цалкам кантралюемай, на тэрыторыі Беларусі наступальных груповак Расеі не назіраецца. У той жа час Расея працягвае выкарыстоўваць Беларусь як базу для падрыхтоўкі сваіх падразьдзяленьняў і палётаў ваеннай авіяцыі. Паводле зьвестак ДПСУ, колькасьць расейскіх вайскоўцаў з падразьдзяленьняў рэгулярнай арміі, якія знаходзяцца ў Беларусі, на сёньня складае каля 2 тысяч.

Улічваючы новыя магчымыя рызыкі, зьвязаныя з гатоўнасьцю Лукашэнкі разьмясьціць у сябе наймітаў з прыватных ваенных кампаній, Украіна ўмацоўвае сваю абарону на гэтым напрамку, адзначыў Дземчанка. Паводле яго, разьвіцьцё сытуацыі ў Беларусі знаходзіцца на пастаянным кантролі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Лукашэнка атрымаў і іншыя актывы, акрамя падзякі Пуціна». Арцём Шрайбман — пра мяцеж, вайну і выбары
  • Аляксандар Лукашэнка заявіў, што кіраўнік ПВК «Вагнэр» Яўген Прыгожын ужо прыехаў у Беларусь. Паводле Лукашэнкі, лягераў для ПВК «Вагнэр» у Беларусі не будуюць, але пры неабходнасьці «дапамогуць з разьмяшчэньнем».
  • У той жа час здымкі са спадарожнікаў паказалі, што пад Асіповічамі цяпер будуюць найбуйнейшы ў Беларусі намётавы лягер, які можа ўмясьціць да 15 тысяч чалавек. Сваімі памерамі ён перавышае іншыя вядомыя палявыя лягеры ў Беларусі, дзе рыхтуюць да вайны з Украінай мабілізаваных расейскіх салдат. Прызначэньне новага лягера застаецца загадкай.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Польшча ўзмоцніць усходнюю мяжу пасьля навінаў пра прыбыцьцё ПВК «Вагнэр» у Беларусь
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Прэзыдэнт Літвы заклікаў павялічыць бюджэт Эўразьвязу на абарону пасьля мяцяжу Прыгожына і новых выклікаў для бясьпекі