Сацсетка «ЯRUS», якая належыць Прыгожыну, абвясьціла аб спыненьні працы

Яўгеній Прыгожын. Архіўнае фота

Праект «ЯRUS» задумваўся як «патрыятычны аналяг» Instagram і TikTok, нагадвае выданьне The Insider.

Сацыяльная сетка «ЯRUS», якая існавала з 2019 году на грошы кіраўніка ПВК «Вагнэр» Яўгенія Прыгожына, аб’явіла аб спыненьні сваёй працы.

Як пазначана ў паведамленьні адміністрацыі сацсеткі, прычынай стала «нестабільная палітычная сытуацыя», у сувязі зь якой спынілася фінансавая падтрымка праекту.

«Мы знаходзімся ў пошуку новых інвэстараў», — гаворыцца таксама ў паведамленьні.

Выданьне The Insider нагадвае, што праект «ЯRUS» задумваўся як «патрыятычны аналяг» Instagram і TikTok. У 2021 годзе Прыгожын укладваў у яго ад 30 да 40 мільёнаў расейскіх рублёў (каля 470 тыс. даляраў) на месяц. Тым ня менш папулярнай сацсетка ня стала: у ёй амаль не было рэальных карыстальнікаў, а кантэнт капіяваўся зь іншых плятформаў.

Раней Раскамнагляд заблякаваў некалькі СМІ, якія належаць Прыгожыну, у тым ліку галоўны мэдыярэсурс бізнэсоўца «РИА ФАН».

Супрацоўнікі прыгожынскіх кампаній расказалі выданьню The Bell, што неўзабаве чакаюць зьмены ўладальніка.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Лукашэнка атрымаў і іншыя актывы, акрамя падзякі Пуціна». Арцём Шрайбман — пра мяцеж, вайну і выбары
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Мы ім прапанавалі закінутую частку». Што вядома пра магчымы лягер ПВК «Вагнэр» у Беларусі. Фота са спадарожніка