Навіны палітвязьняў: экс-кандыдата ў прэзыдэнты Дзьмітрыева перавялі ў калёнію

Андрэй Дзьмітрыеў. Архіўнае фота

Станам на 29 чэрвеня беларуская праваабарончая супольнасьць прызнала палітвязьнямі 1496 чалавек. Паводле іншых падлікаў, колькасьць палітвязьняў можа быць большай.

Паводле інфармацыі Zerkalo, палітыка Андрэя Дзьмітрыева, лідэра зьліквідаванай «Гавары праўду» і кандыдата на прэзыдэнцкіх выбарах 2020 году, перавялі зь СІЗА-1 Менску ў Віцебскую калёнію для адбываньня пакараньня.

Гэта адбылося 28 чэрвеня. 23 чэрвеня Менскі гарадзкі суд адхіліў апэляцыйную скаргу палітыка і пакінуў ягоны прысуд у сіле. Дзьмітрыева накіравалі ў папраўчую калёнію №3 у пасёлку Віцьба пад Віцебскам.

6 красавіка Андрэю Дзьмітрыеву прысудзілі 1,5 года зьняволеньня паводле ч. 1 арт. 342 КК «Актыўны ўдзел у групавых дзеяньнях, якія груба парушаюць грамадзкі парадак». Нядаўна стала вядома, што ў палітыка памерла маці, на пахаваньне яго не пусьцілі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Навіны палітвязьняў: журналіста Івашына перавялі ў турму