У чацьвер, 29 чэрвеня, у 23:59 страхоўшчыкі перастануць выдаваць «Зялёную карту» на транспарт, які выяжджае ў Азэрбайджан і Турэччыну. «Зялёная карта», зробленая да 30 чэрвеня 2023 году на беларускі транспарт, з тэрыторыяй дзеяньня ў Азэрбайджане и Турэччыне, будзе лічыцца сапраўднай да заканчэньня пазначанага ў ёй тэрміну дзеяньня, але не пазьней за 28 чэрвеня 2024 году.
Паміж Беларусьсю і Расеяй «Зялёная карта» будзе дзейнічаць і пасьля 30 чэрвеня. Кіроўцы змогуць і надалей афармляць такія страхоўкі, яны будуць прызнавацца сапраўднымі на тэрыторыі РФ з наданьнем па іх гарантый на працягу названага ў іх тэрміну дзеяньня, паведамляе Беларускае бюро па транспартным страхаваньні. Выплаты па страхавых выпадках будуць ажыцьцяўляцца «ў парадку, аналягічным устаноўленаму ўнутранымі палажэньнямі сыстэмы «Зялёная карта».
Расейскія страхоўшчыкі таксама змогуць прадоўжыць афармляць такія полісы для паездак у Беларусь.
Праз вайну ва Ўкраіне, а таксама санкцыі Захаду, з 1 чэрвеня больш за 30 краін спынілі супрацоўніцтва зь Беларусьсю (як і з Расеяй) у сыстэме «Зялёная карта». З 16 чэрвеня зьявіліся новыя абмежаваньні — дадаліся новыя краіны, якія не ўваходзяць у Эўрапейскую эканамічную зону, але знаходзяцца ў сыстэме Green Card.
Вядома, што некаторыя польскія і літоўскія страхавыя кампаніі даюць магчымасьць аформіць поліс на мяжы або онлайн.
Раней у Беларускім бюро па транспартным страхаваньні казалі, што кіроўцам, якія плянуюць ехаць у Расею, і ў якіх з 30 чэрвеня ня будзе дзейнай «Зялёнай карты», давядзецца купляць на мяжы дамову АСАГА (абавязковае страхаваньне грамадзянскай адказнасьці), але неўзабаве можа зьявіцца новы страхавы поліс — «Сіняя карта», паведамляў Расейскі саюз аўтастрахоўшчыкаў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Новыя абмежаваньні па «Зялёнай карце» тычацца і паездак у Расею