Абсалютная большасьць апытаных у сацыялягічным дасьледаваньні ўкраінцаў (78%) паведамілі, што маюць блізкіх сваякоў ці сяброў, якія атрымалі раненьні або загінулі ў выніку расейскага ваеннага ўварваньня.
«Сярод тых, хто мае такіх блізкіх сваякоў ці сяброў, у сярэднім называлася лічба 7. Гэта значыць, у сярэднім такія рэспандэнты маюць 7 сваякоў ці сяброў, якія былі параненыя або загінулі», — адзначаюць сацыёлягі Кіеўскага міжнароднага інстытуту сацыялёгіі па выніках свайго апытаньня.
Згодна з вынікамі апытаньня, 64% рэспандэнтаў маюць хаця б аднаго блізкага сваякоў ці сябра, які быў паранены (у сярэднім маюць 5 параненых блізкіх людзей), а 63% — прынамсі аднаго загінулага (у сярэднім трох загінулых).
«Вайна Расеі супраць Украіны сфармавала трагічны калектыўны досьвед для абсалютнай большасьці ўкраінцаў. Ва ўсіх кутках Украіны большасьць насельніцтва маюць сваякоў ці сяброў, якія былі параненыя або загінулі ў выніку расейскага ўварваньня. Жыхары і захаду, і ўсходу перажываюць аднолькавыя жахлівыя страты, выкліканыя Расеяй. Можам гаварыць пра боль украінцаў ад стратаў і шалёны гнеў на ворагаў», — сказаў выканаўчы дырэктар Кіеўскага міжнароднага інстытуту сацыялёгіі Антон Грушэцкі.
Паводле яго, менавіта гэтыя эмоцыі сталі фактарам, які згуртаваў украінцаў.
«На гэтым тле становіцца зразумела, чаму расейская прапаганда аб „супольнай гісторыі“ ці „супольнай культуры“ зьяўляецца беспэрспэктыўнай ва Ўкраіне. У тым ліку гэта датычыць і „дзяды ваявалі“. Хоць Другая ўсясьветная вайна была вялікай трагедыяй і для ўкраінцаў, але гэты досьвед ужо зусім аддалены ў часе. Цяпер украінскія сем’і адчулі гора, якое застаецца дагэтуль. Таму цяперашнія эмоцыі замацоўваюць на доўгі час „прэч ад Масквы“. Апроч таго, гэты досьвед дадае стойкасьці і бескампраміснасьці ў пытаньні магчымых саступак Расеі. Калі ў цябе столькі сваякоў і сяброў пацярпелі або загінулі, то як можна гаварыць аб саступках?» — дадаў сацыёляг.
Кіеўскі міжнародны інстытут сацыялёгіі праводзіў апытаньне 26 траўня – 5 чэрвеня мэтадам тэлефоннага інтэрвію. У дасьледаваньні ўзялі ўдзел 2013 рэспандэнтаў ва ўзросьце ад 18 гадоў і старэйшыя. Статыстычная хібнасьць не перавышае 5%.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: ААН: ва Ўкраіне з пачатку расейскага ваеннага ўварваньня загінулі больш як 9 тысяч цывільныхУ чэрвені Упраўленьне Вярхоўнага камісара ў правах чалавека ААН паведаміла, што ахвярамі поўнамаштабнага расейскага ваеннага ўварваньня ва Ўкраіну сталі 24 862 цывільныя, у тым ліку 9083 забітыя і 15 779 параненых. Але фактычны лік ахвяр значна вышэйшы.
Колькасьць загінулых украінскіх вайскоўцаў дакладна невядомая. І расейскі, і ўкраінскі бок падлічваюць толькі ўзаемныя страты, праверыць якія праз незалежныя крыніцы пакуль немагчыма.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Генэральны штаб Украіны паведаміў, што Расея страціла на вайне 200 тысяч вайскоўцаўВайна Расеі супраць Украіны
- А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе па просьбе груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах абласьцей. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
- Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам.
- Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб'екты, расейцы бамбяць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
- 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фотаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяр масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
- З 24 лютага Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый у Харкаўскай вобласьці.
- Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якія Расея не кантралявала.
- 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
- У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
- 3 верасьня ўкраінскі брыгадны генэрал Аляксандар Тарнаўскі заявіў, што Ўзброеныя сілы Ўкраіны прарвалі першую лінію абароны на запароскім кірунку, на якую расейцы выдаткавалі больш за ўсё рэсурсаў.
- У канцы 2023 і на пачатку 2024 расейцы працягвалі масавыя абстрэлы ўкраінскіх гарадоў: Дніпры, Кіеве, Харкаве, Адэсе і іншых месцах дзясяткі людзей загінулі і атрымалі раненьні. Украінскі бок у адказ абстрэльваў расейскі Белгарад, некалькі чалавек загінулі. Узброеныя сілы дзьвюх краін рэгулярна атакуюць падкантрольныя адна адной тэрыторыі бесьпілётнікамі.
- Агулам з пачатку 2024 году ўкраінскія дроны пашкодзілі 18 расейскіх НПЗ, што прывяло да скарачэньня вытворчасьці амаль на 14%. У сакавіку былі атакаваныя такія абʼекты, як Разанскі НПЗ «Раснафты» і завод «Лукойла» ў Кстове ў Ніжагародскай вобласьці. Абодва ўваходзяць у топ-10 найбуйнейшых НПЗ Расеі і забясьпечваюць бэнзінам Маскву.
- 6 жніўня 2024 году Ўкраіна пачала апэрацыю ў Курскай вобласьці. 19 жніўня прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі заявіў, што пад кантролем Украіны ў ходзе апэрацыі Ўзброеных сілаў Украіны знаходзяцца 92 паселішчы Курскай вобласьці Расеі. Галоўнакамандуючы Ўзброенымі сіламі Ўкраіны Аляксандар Сырскі ўдакладніў, што такіх населеных пунктаў 82. Улады Ўкраіны заявілі пра стварэньне ваенных камэндатураў і арганізацыі перадачы «гуманітарнай дапамогі ў населеныя пункты, якія знаходзяцца пад кантролем Украіны». Экспэрты Інстытуту вывучэньня вайны, прааналізаваўшы заявы і відэаматэрыялы з геалякацыяй, выказалі меркаваньне, што Ўкраіна кантралюе ў Курскай вобласьці ня ўсю тэрыторыю ў заяўленых межах прасоўваньня.
- 16-18 жніўня ўкраінскія сілы падарвалі тры масты, якія мелі стратэгічнае значэньне для матэрыяльна-тэхнічнага забесьпячэньня групоўкі расейскіх войскаў ва Ўкраіне і вайсковай авіяцыі, якая базуецца ў Курскай вобласьці.
- Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.