Жытомірская гарадзкая рада на пасяджэньні 29 чэрвеня перайменавала вуліцу Беларускую ў гонар палка імя Кастуся Каліноўскага, у якім беларускія добраахвотнікі змагаюцца на баку Ўкраіны супраць расейскай ваеннай агрэсіі.
Адначасова мэр гораду Сяргей Сухамлін уручыў прадстаўнікам беларускага палка сьцяг Жытоміра.
«Калі беларусы вызваляць сваю краіну ад акупацыі, гэты сьцяг будзе ў беларускім горадзе, які стане пабрацімам Жытоміру. Дзякую ўсім хлопцам і дзяўчатам палка імя Каліноўскага, якія з 2014 году абараняюць незалежнасьць Украіны», — сказаў Сяргей Сухамлін.
Да вайны пабрацімам Жытоміра быў Гомель. З пачатку расейскай вайны горад і мясцовы аэрапорт абстрэльвалі зь беларускай тэрыторыі. Пасьля гэтага жытомірскія ўлады разарвалі дамову аб супрацы з Гомлем.
Жытомір у 2019 годзе першым з украінскіх гарадоў прыняў Форум рэгіёнаў Беларусі і Ўкраіны, на якім адбылася першая і пакуль адзіная сустрэча Ўладзіміра Зяленскага і Аляксандра Лукашэнкі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Зь Беларусі — гімн Расеі, з Украіны — зварот Ціханоўскай. У Кіеве расказалі аб інфармацыйных апэрацыях на мяжы ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Гэта пачатак канца вялікай тыраніі». Полк Каліноўскага заклікаў рыхтавацца да «вызваленьня ад дыктатуры і акупацыі»