У Беларусі за год колькасьць работнікаў зьменшылася на 1,5 працэнта

Беларускія будаўнікі. Архіўнае фота

У эканоміцы Беларусі ў траўні 2023 года было занята 4 млн 150,7 тысячы чалавек – на 62,1 тысячы мененей (-1,5%), чым летась.

Як паведамляе Белстат, у студзені ў Беларусі налічвалася 4 млн 172,9 тыс. работнікаў, лютым — 4 млн 172,4 тыс., сакавіку — 4 млн 175,9 тыс., красавіку — 4 млн 163,8 тыс. Такім чынам,за месяц іх колькасьць зьменшылася на 13,1 тыс. чалавек (-0,3 працэнта).

У 2022 годзе ўзровень фактычнага беспрацоўя ў Беларусі быў 3,6% (па мэтадалёгіі МАП). Паводле зьвестак дэпартамэнта статыстыкі Эўразійскай эканамічнай камісіі, у красавіку ў Беларусі зарэгістравалі — 0,1 працэнта (5,7 тысячы чалавек; у студзені 2023 года — 5,8 тысячы).

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Белстат: асноўная прычына выезду беларусаў за мяжу — пошук працы

Раней паведамлялася, што 1 ліпеня набудзе моц пастанова Міністэрства працы і сацыяльнай абароны № 17 ад 1 чэрвеня зь пералікам прафэсій рабочых і пасад службоўцаў, на якія ў 2023 годзе можна прыцягваць іншаземцаў і асоб без грамадзянства, якія ня маюць дазволу на пастаяннае пражываньне ў Беларусі.

Дзеяньне дакумэнта распаўсюджваецца на вэтэрынарных лекараў, дактароў-спэцыялістаў, фэльчараў усіх мэдыцынскіх спэцыяльнасьцяў, мэдыцынскіх сясьцёр (братоў), інжынэраў, кіроўцаў аўтамабіляў, сьлесараў-рамонтнікаў, трактарыстаў-машыністаў сельскагаспадарчай вытворчасьці, швачак, электраманцёраў па рамонце і абслугоўваньні электраабсталяваньня.

Пры распрацоўцы закона «Аб зьнешняй працоўнай міграцыі», які набудзе моц 1 ліпеня, аналізаваўся попыт і прапанова на ўнутраным рынку, заявіў намесьнік начальніка аддзела рынку працы Міністэрства працы і сацыяльнай абароны Максім Фларынскі на прэс-канферэнцыі 27 чэрвеня ў Менску.

Паводле яго слоў, назіраецца «вялікі попыт» на прафэсіі, на якія ў 2023 годзе можна працаўладкоўваць замежнікаў. Разам з тым ён лічыць, што «першапачаткова нашы наймальнікі будуць працаўладкоўваць беларускіх грамадзян, улічваючы, што нашы грамадзяне атрымалі адпаведную адукацыю».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У МУС Беларусі расказалі, каго закране лібэралізацыя рынку працы для іншаземцаў