ЗША ўключылі ў санкцыйны сьпіс адну фізычную і чатыры юрыдычныя асобы, зьвязаныя з ПВК «Вагнэр» і яе заснавальнікам Яўгеніем Прыгожыным, паведамляецца на сайце амэрыканскага міністэрства фінансаў.
У санкцыйны сьпіс унесьлі кампаніі Diamville Sau і Midas Ressources, якія базуюцца ў ЦАР, а таксама кампанія з ААЭ Industrial Resources General Trading і расейская кампанія «ДМ». Гэтыя арганізацыі ўдзельнічалі ў незаконных угодах з золатам для фінансаваньня ПВК «Вагнэр» у мэтах падтрыманьня і пашырэньня яе ўзброеных сіл, гаворыцца ў паведамленьні.
Пад санкцыі таксама трапіў Андрэй Іваноў, які ўвесну 2023 году, як гаворыцца ў прэс-рэлізе ведамства, шчыльна супрацоўнічаў з кампаніяй Прыгожына «Паліталёгія Афрыкі» і высокапастаўленымі чыноўнікамі ўраду Малі ў пытаньнях угодаў са зброяй, здабычы карысных выкапняў і іншай дзейнасьці ў Малі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Лукашэнка заявіў, што ўласьнік групы «Вагнэр» Прыгожын ужо ў Беларусі- ПВК «Вагнэр» — неафіцыйнае расейскае ўзброенае падразьдзяленьне, не зьвязанае зь Мінабароны РФ і іншымі дзяржаўнымі структурамі. Байцы «Вагнэра» ўдзельнічаюць у наземных апэрацыях у Сырыі, Афрыцы і ў вайне з Украінай. Наймітаў падазраюць ва ўчыненьні шматлікіх ваенных злачынстваў.
- У студзені 2023 году Мінфін ЗША прызнаў ПВК «Вагнэр» транснацыянальнай злачыннай арганізацыяй і ўвёў санкцыі супраць зьвязаных з ваеннай кампаніяй і яе заснавальнікам структур.
- У красавіку Эўразьвяз унёс ПВК «Вагнэр» у санкцыйны сьпіс за «актыўны ўдзел у расейскай ваеннай агрэсіі супраць Украіны». Парлямэнты Літвы і Францыі прызналі ПВК «Вагнэр» тэрарыстычнай арганізацыяй.
- Таксама супраць Прыгожына ўвялі санкцыі Канада і Вялікая Брытанія.
- Увечары 23 чэрвеня Прыгожын і ПВК «Вагнэр» арганізавалі ў Расеі мяцеж, які працягваўся крыху менш за суткі. Пасьля спробы збройнага мяцяжу ў Расеі кіраўніку ПВК «Вагнэр» Яўгену Прыгожыну дазволілі выехаць у Беларусь, крымінальную справу супраць яго спынілі. Адбылося гэта пры пасярэдніцтве Аляксандра Лукашэнкі.
- 27 чэрвеня Аляксандар Лукашэнка заявіў, што кіраўнік ПВК «Вагнэр» Яўгеній Прыгожын на яго запрашэньне ўжо прыехаў у Беларусь. Пакуль невядома пра пераезд у Беларусь часткі наёмнікаў кампаніі, аднак пра такую магчымасьць увечары 26 чэрвеня заявіў Уладзімір Пуцін.