Ізноў адключаюць другі энэргаблёк БелАЭС

БелАЭС, архіўнае фота

Другі энэргаблёк Беларускай атамнай электрастанцыі будзе адключаны 28 чэрвеня для плянавага ахалоджваньня рэактара.

Як паведаміла Міністэрства энэргетыкі Беларусі, «на другім энэргаблёку БелАЭС працягваюцца выпрабаваньні сыстэмаў і абсталяваньня ў рамках праграмы досьледна-прамысловай эксплюатацыі».

Другі энэргаблёк БелАЭС адключаўся ад сеткі з 10 па 14 чэрвеня. Тады Мінэнэрга патлумачыла гэта неабходнасьцю правесьці «дасьледаваньні нэўтронна-фізычных характарыстык актыўнай зоны рэактара блёка са зьніжэньнем яго магутнасьці да мінімальна кантраляванага ўзроўню з адключэньнем ад сеткі».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Другі энэргаблёк БелАЭС будзе адключаны праз 11 дзён пасьля пачатку досьледна-прамысловай эксплюатацыі

Беларуская АЭС узводзіцца паблізу Астраўца (Горадзенская вобласьць) пераважна за кошт крэдыту Расеі па расейскім праекце ВВЭР-1200. Генэральным праектантам і генпадрадчыкам выступае інжынірынгавая кампанія «АСЭ», гэта галаўная арганізацыя інжынірынгавага дывізіёну расейскай дзяржкарпарацыі «Росатом».

Пачатак прамысловай эксплюатацыі другога блёку заплянаваны на сёлетні кастрычнік.

  • Першы блёк БелАЭС пачаў выпрацоўваць электрычнасьць у рэжыме досьледна-прамысловай эксплюатацыі 3 лістапада 2020 году, у камэрцыйную эксплюатацыю яго ўвялі 10 чэрвеня 2021 году.
  • З моманту ўвядзеньня ў прамысловую эксплюатацыю першы энэргаблёк больш прастойваў, чым працаваў: 255 дзён з 488, або звыш 52% часу (паводле дадзеных на 11 кастрычніка 2022 году).
  • У канцы красавіка 2022 году першы энэргаблёк спынілі на рамонт, ён прастойваў паўгода — да 9 лістапада 2022-га.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Эканамічныя паказьнікі першага энэргаблёку Беларускай АЭС — сярод найгоршых у сьвеце, — навуковец Ажароўскі
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Літва зьвярнулася ў МНС Беларусі: просіць спыніць АЭС пасьля паведамленьняў пра дэфэкты