Пасьля спробы збройнага мяцяжу ў Расеі кіраўніку ПВК «Вагнэр» Яўгену Прыгожыну дазволілі выехаць у Беларусь, ягоную крымінальную справу спынілі. Адбылося гэта пры пасярэдніцтве Аляксандра Лукашэнкі.
Як паведамляе «Беларускі гаюн», на вайсковы аэрадром Мачулішчы ранкам 27 чэрвеня прыляцеў самалёт кіраўніка ПВК «Вагнэр» Яўгенія Прыгожына. Рэгістрацыйны нумар бізнэс-джэта RA-02795. Пазьней Лукашэнка пацьвердзіў прыезд Прыгожына ў Беларусь.
Пакуль невядома пра пераезд у Беларусь часткі наёмнікаў кампаніі, аднак пра такую магчымасьць увечары 26 чэрвеня заявіў Уладзімір Пуцін.
«Вагнэр» вінавацяць у шэрагу ваенных злачынстваў, як ва Ўкраіне, так і ў іншых пунктах сьвету, куды яны прыходзілі. Пералічваем асноўныя.
Гвалт і глумленьне над трупам у Сырыі
У лістападзе 2019 году журналістам сталі вядомыя падрабязнасьці паводзінаў «вагнэраўцаў» у Сырыі. У 2017 годзе найміты захапілі нафтагазавае радовішча Аш-Шаэр. Там жа яны да сьмерці забілі кувалдамі мясцовага жыхара, гэта вынікае з апублікаванага журналістамі відэа. Пасьля забойства найміты адрэзалі яму галаву і іншыя часткі цела і падвесілі на браме газаперапрацоўчага заводу.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Лукашэнка заявіў, што ўласьнік групы «Вагнэр» Прыгожын ужо ў БеларусіНекаторых удзельнікаў расправы журналісты змаглі апазнаць. Таксама выявілася, што існуе пагадненьне паміж кампаніяй «Евро Полис» (належала на той час Прыгожыну) і сырыйскай «Генэральнай нафтавай карпарацыяй», якое фіксуе вызваленьне Аш-Шаэр. Кабінэт міністраў Сырыі ратыфікаваў гэтае пагадненьне 25 траўня 2017 году. Дакумэнтальна пацьвердзіўшы тым самым, што летам 2017 году радовішча знаходзілася пад аховай ТАА «Евро Полис».
Перасьлед мірных жыхароў ЦАР
У кастрычніку 2021 году экспэрты ААН зьвярнуліся да ўладаў ЦАР (Цэнтральнаафрыканская Рэспубліка) з заклікам спыніць усе адносіны з ПВК «Вагнэр». Створаная ўрадам ЦАР камісія прызнала, што падчас наступу на паўстанцаў правы чалавека парушалі ўрадавыя войскі, а таксама расейскія найміты.
Запалохваньне і ціск з боку байцоў ПВК «Вагнэр» зазнаюць таксама журналісты, супрацоўнікі гуманітарных арганізацый і прадстаўнікі меншасьцяў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Лукашэнка расказаў, што найміты «Вагнэра» будуць працаваць у Беларусі інструктараміУ заяве экспэртаў ААН сказана, што ў арганізацыю неаднаразова паступалі паведамленьні пра датычнасьць «вагнэраўцаў» да катаваньняў, сэксуальнага гвалту над жанчынамі і мужчынамі, пакараньняў сьмерцю, адвольных затрыманьняў і іншых злачынстваў і парушэньняў правоў чалавека. Дакладная колькасьць пацярпелых невядомая, бо тыя, хто выжыў, баяцца зьвяртацца ў суд.
Забойствы цывільных асобаў у Лібіі
У чэрвені 2020 году Рада ААН па правах чалавека стварыла адмысловую місію для маніторынгу падзей у Лібіі. Па выніку яе працы быў падрыхтаваны даклад для ААН, дзе пералічваліся факты злачынстваў супраць чалавечнасьці, да якіх могуць быць датычныя найміты «Вагнэра». У дакладзе згадваюцца расстрэлы мірнага насельніцтва пасьля ўзяцьця ў палон, мінаваньне мячэцяў, мінаваньне месцаў, па якіх перамяшчаюцца цывільныя асобы.
«Сабраныя місіяй доказы пацьвердзілі, што супрацоўнікі „Вагнэра“ стралялі непасрэдна ў ахвяр пасьля іх захопу і затрыманьня», — адзначаецца ў дакладзе.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Пуцін расказаў, колькі патрацілі на ўтрыманьне ПВК «Вагнэр» зь дзяржаўнага бюджэту РасеіЗабойствы цывільных асобаў у Малі
У 2021 годзе ПВК «Вагнэр» паслала сваіх байцоў у Малі, дзе Францыя з 2013 году праводзіла антытэрарыстычную апэрацыю. Вагнэраўцаў у Малі запрасіла адна з узброеных груповак дзеля ўтрыманьня ўласнага рэжыму. Тады ж Парыж пастанавіў вывесьці свае войскі і зьвесьці супрацоўніцтва зь мясцовым рэжымам да мінімуму.
Праз год, як вагнэраўцы прыбылі ў Малі, міжнародная дасьледчая група, якая называе сябе «All eyes on Wagner», апублікавала шматлікія зьвесткі пра паводзіны расейскіх наймітаў у краіне. Сярод ваенных злачынстваў, якія чынілі вагнэраўцы разам зь мясцовымі вайскоўцамі, — катаваньні, забойствы цывільнага насельніцтва, сэксуалізаваны гвалт, марадэрства.
«Буйныя масавыя забойствы мірных жыхароў адбыліся на пачатку 2022 году, прычым толькі ў выніку дзьвюх падзей, якія здарыліся ў паселішчах Дагафры ў паўднёва-цэнтральнай частцы краіны і горадзе Мура. Праваабарончыя арганізацыі зафіксавалі больш за 330 ахвяр сярод мірнага насельніцтва», — пішуць дакладчыкі, падкрэсьліваючы, што масавае забойства ў раёне Дагофры (ахвярамі сталі ня менш за 35 чалавек) было добра задакумэнтавана праваабаронцамі Human Rights Watch і СМІ.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Літве заявілі пра рост небясьпекі для краіны ў выпадку пераезду Прыгожына ў БеларусьМасавыя забойствы ва Ўкраіне
Экс-камандзіры ПВК «Вагнэр», якіх завэрбавалі на вайну са зьняволеньня сёлета ў красавіку, расказалі выданьню Gulagu.net пра забойствы цывільных асобаў і ваеннапалонных ва Ўкраіне. Гаворка ідзе пра экс-зьняволеных Азамата Ўлдарава і Аляксея Савічава. Абодвух завэрбавалі ў ПВК «Вагнэр» з турмаў, а пасьля памілавалі ўказам Пуціна.
Паводле слоў найміта Савічава, пасьля абмену ваеннапалоннымі ў лютым 2023 году расейскія афіцэры аддалі загад «усіх старэйшых за 15 гадоў расстрэльваць бяз слоў». Ён кажа аб прыкладна 10 падлетках, якіх забілі пасьля гэтага разам зь іншымі. Савічаў таксама заявіў, што ў «групе Вагнэра» невыкананьне загадаў, у тым ліку загадаў забіваць цывільных, караецца расстрэлам.
У студзені 2023 году Савічаў, па яго словах, узяў удзел у масавым забойстве параненых украінскіх байцоў і баевікоў «Вагнэра» ў горадзе Бахмуце. Для гэтага ён выкарыстаў 30 гранат, потым целы спалілі.
Як расказаў баявік Улдараў, яго атраду далі загад «зьнішчыць усіх» падчас штурму гарадоў Салядар і Бахмут. Ён прызнаўся, што сам аддаў загад і браў удзел у забойстве «300–400» чалавек, якія хаваліся ў падвале. У прыватнасьці, ён сказаў, што сярод іх было «прыблізна 40 дзяцей».
У лістападзе мінулага году ў сетцы заўважылі відэа меркаванага забойства байца ПВК «Вагнэр» — на кадрах чалавеку па імені Яўген Нужын нанесьлі ўдар кувалдай па галаве за тое, што ён бег у бок Узброеных сіл Украіны. Прыгожын пазьней камэнтаваў дадзены запіс словамі «сабаку — сабачая сьмерць».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Расеі пачалі праверку відэа з адразаньнем галавы ўкраінцу, у Кіеве заявілі, што ўжо ведаюць, хто гэта рабіў