У Варшаве прайшла вечарына падтрымкі беларусаў, пацярпелых ад катаваньняў. ФОТА

У Варшаве прайшоў вечар у падтрымку пацярпелых ад катаваньняў, 26 чэрвеня 2023

26 чэрвеня ў Міжнародны дзень супраць катаваньняў у варшаўскай прасторы «Пад Жырандоляй» беларускія акторы і акторкі прачыталі пад музыку гісторыі катаваньняў беларускіх палітвязьняў.

Чытаньне зладзіў Праваабарончы цэнтар «Вясна». У вечарыне ўзялі ўдзел беларускія акторы і акторкі розных тэатраў: Алег Гарбуз, Крысьціна Дробыш, Дар’я Новік, Андрэй Саўчанка, Канстанцін Шульга, Юлія Шаўчук.

Пад музычнае суправаджэньне Эрыка Арлова-Шымкуса яны прачыталі гісторыі катаваньняў, якія распавялі праваабаронцам былыя палітвязьні і арыштанты (некаторыя зь іх таксама прыйшлі на сустрэчу).

Вечарына падтрымкі беларусаў. якія пацярпелі ад катаваньняў. Варшава, 26 чэрвеня 2023

Напачатку чытаньняў з прамовай выступіла праваабаронца «Вясны» Дзіяна Пінчук.

«Беларуская сыстэма наладжаная, каб ламаць лёсы людзей і ўсё чалавечае ў іх, — адзначыла Пінчук. — Сёньня вы пачуеце шэсьць розных гісторый, якія самі беларусы і беларускі, апынуўшыся на волі і ў бясьпецы, распавялі праваабаронцам „Вясны“.

Гэтыя людзі, перажыўшы катаваньні і жорсткае абыходжаньне, знайшлі сілы распавесьці пра гэта публічна, каб увесь сьвет ведаў, як выбіваюць паказаньні супрацоўнікі ГУБАЗіКа і КДБ, як гэта: не хадзіць паўгода больш за шэсьць крокаў наперад, у якіх умовах утрымліваюць на Акрэсьціна і калёніях, што такое „карантын“ па-жодзінскі, як праходзяць крымінальныя суды за адно фота ў Instagram і многае іншае.

Але ўсё роўна дадаюць: „Мне яшчэ пашанцавала“, узгадваючы сваіх сукамернікаў і сукамерніц. Мы хочам, каб галасы гэтых людзей гучалі мацней і гучней...Катаваньні любяць цішыню, таму мы кажам».

На імпрэзе гледачы разам з «Майстэрняй паштовак салідарнасьці» падпісвалі лісты палітвязьням, якія пацярпелі ад катаваньняў і маюць праблемы са здароўем.

Вечарына падтрымкі беларусаў. якія пацярпелі ад катаваньняў. Варшава, 26 чэрвеня 2023

Вечарына падтрымкі беларусаў. якія пацярпелі ад катаваньняў. Варшава, 26 чэрвеня 2023

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ужо сёньня: Міжнародны дзень ахвяраў катаваньняў
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: ААН працягвае збор інфармацыі аб парушэньнях правоў чалавека ў Беларусі