Міністар абароны Нямеччыны Борыс Пісторыюс 26 чэрвеня заявіў пра гатоўнасьць разьмясьціць на тэрыторыі Літвы дадаткова 4 тысячы вайскоўцаў на сталай аснове.
Як паведаміла агенцтва AFP, з такой заявай Борыс Пісторыюс выступіў у часе свайго візыту ў Вільню (Літва), пасьля таго як літоўскі прэзыдэнт заклікаў NATO ўмацаваць усходні флянг на тле падзей у Расеі.
«Нямеччына гатовая на сталай аснове разьмясьціць у Літве моцную брыгаду», — заявіў Борыс Пісторыюс.
Цяпер у Літве стала знаходзяцца 800 нямецкіх вайскоўцаў, яшчэ 650 перакінулі туды часова пасьля расейскага ваеннага ўварваньня ва Ўкраіну.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Сталі вядомыя новыя дэталі збройнага мяцяжу Прыгожына: на Маскву ішло 8 тысяч баевікоўПрэзыдэнт Літвы Гітанас Наўседа 25 чэрвеня заявіў, што калі ўласьнік прыватнай вайсковай кампаніі «Вагнэр» Яўгеній Прыгожын прыедзе ў Беларусь, NATO трэба будзе ўзмацніць сваю абарону на ўсходзе.
Боріс Пісторыюс разам з генэральным сакратаром NATO Енсам Столтэнбэргам наведаў Вільню для падрыхтоўкі да саміту альянсу ў ліпені.
Прэзыдэнт Нямеччыны Франк-Вальтэр Штайнмаер 30 траўня заявіў пра перамовы па павелічэньні ліку вайсковага нямецкага падразьдзелу, які дысьлякуецца ў Літве.
«Пытаньне брыгады абмяркоўваецца і ў Літве, і ў Нямеччыне. Палітычнае кіраўніцтва Літвы і Нямеччыны не аспрэчвае гэтае пытаньне. Як сказаў прэзыдэнт Наўседа, мы ведаем, што абодва бакі мусяць зрабіць сваю „дамашнюю работу“, таму цяпер мы робім крокі для павелічэньня колькаснага складу вайсковай брыгады ў Літве», — сказаў Франк-Вальтэр Штайнмаер.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Нямеччына заявіла, што павялічыць сваю вайсковую прысутнасьць у Літве