Столтэнберг: NATO ня бачыць прыкмет таго, што Расея рыхтуецца выкарыстаць ядзерную зброю

Генэральны сакратар NATO Енс Столтэнберг на сустрэчы з прэзыдэнтам Літвы Гітанасам Наўседам. Вільня, 26 чэрвеня 2023

Генэральны сакратар NATO Енс Столтэнберг знаходзіцца ў Вільні, дзе 11-12 ліпеня пройдзе саміт альянсу.

Як піша Reuters, пасьля перамоваў з прэзыдэнтам Літвы Гітанасам Наўседам Генэральны сакратар NATO Енс Столтэнберг заявіў:

«Мы ня бачым ніякіх прыкмет таго, што Расея рыхтуецца выкарыстаць ядзерную зброю, але NATO захоўвае пільнасьць», — сказаў ён, дадаўшы, што стрымліваньне NATO дастаткова моцнае, каб гарантаваць бясьпеку сваіх людзей у «больш небясьпечным сьвеце».

Пры гэтым Столтэнберг запэўніў Кіеў у далейшай падтрымцы NATO.

«Калі Расея думае, што можа запалохаць нас, каб мы не падтрымлівалі Ўкраіну, яна пацярпіць няўдачу, — сказаў ён. — Мы з Украінай столькі, колькі трэба».

Столтэнбэрг знаходзіцца ў Літве для ўдзелу ў вучэньнях з удзелам да 5000 вайскоўцаў. Альянс на іх рыхтуецца да сцэнару, які будзе рэалізаваны ў выпадку ўзмацненьня напружанасьці альбо канфлікту з Расеяй.

Хваляванні ў Расеі ў мінулыя выходныя паказваюць, што такіх маштабаў і больш сур’ёзных праблем можна чакаць і ў будучыні, лічыць кіраўнік Літвы Гітанас Наўседа.

«Падзеі мінулых выходных у Расеі прадэманстравалі нестабільнасьць крамлёўскага рэжыму. Выклікі такога ж маштабу ці нават большага можна чакаць і ў будучыні», — заявіў 26 чэрвеня Наўседа пасьля сустрэчы з генэральным сакратаром NATO Енсам Столтэнбергам, піша Baltic News Service.

Столтэнберг, у сваю чаргу, зазначыў, што беспарадкі ў Расеі, калі прыватная вайсковая кампанія «Вагнэр» прыгразіла зрынуць вайсковае кіраўніцтва краіны, паказалі, якую стратэгічную памылку дапусьціў прэзыдэнт Расеі Уладзімір Пуцін.

«Падзеі выходных у Расеі — іх унутраная справа, але яны паказваюць, якую стратэгічную памылку дапусьціў прэзыдэнт Уладзімір Пуцін, калі анэксаваў Крым і пачаў вайну супраць Украіны», — сказаў Столтэнберг.

Па словах Науседы, падзеі ў Расеі могуць паўплываць на сытуацыю зь бясьпекай Літвы і рэгіёну.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Генпракуратуры Расеі заявілі, што крымінальнай справы супраць Прыгожына не спынілі
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Дзяржаўная рада абароны Літвы даручыла выведцы зьбіраць больш інфармацыі аб Беларусі і Калінінградзкай вобласьці

Спроба ўзброенага мяцяжу ў Расеі. Асноўнае

  • Увечары 23 чэрвеня кіраўнік ПВК «Вагнэр» Яўгеній Прыгожын заявіў, што міністэрства абароны РФ нанесла ракетныя ўдары па тылавых лягерах наймітаў і што «зло, якое нясе вайсковае кіраўніцтва краіны, будзе спынена».
  • Міністэрства абароны Расеі назвала гэтыя словы «інфармацыйнай правакацыяй».
  • Уначы Прыгожын паведаміў, што байцы «Вагнэра» ўвайшлі ў Расею з акупаваных раёнаў Ўкраіны.
  • Раніцай 24 чэрвеня Прыгожын заявіў, што ПВК «Вагнэр» увайшла ў Растоў-на-Доне і ўзяла пад кантроль вайсковыя аб’екты Растова, у тым ліку аэрадром.
  • Пазьней Прыгожын заявіў і пра ўзяцьце пад кантроль вайсковых абʼектаў у Варонежы.
  • У Маскоўскай, Растоўскай і Варонескай вобласьцях РФ увялі надзвычайныя захады бясьпекі.
  • У Расеі завялі крымінальную справу аб узброеным мяцяжы.
  • Пуцін у ранішнім звароце заявіў, што «Расею мяцяжом спрабуюць штурхаць да паразы і капітуляцыі» і што «дзеяньні супраць мяцежнікаў будуць жорсткімі».
  • Кіраўнік дэпартамэнту нацыянальнай бясьпекі ў складзе Аб’яднанага пераходнага кабінэту Валер Сахашчык у сувязі з падзеямі ў Расеі заклікаў беларусаў «выкарыстаць гістарычны шанец».
  • Лідэрка дэмакратычных сілаў Беларусі Ціханоўская заклікала дыпляматаў і сілавікоў не выбіраць паміж Пуціным і Прыгожыным, а вайскоўцаў — выгнаць войскі Расеі зь Беларусі.
  • Аб’яднаны пераходны кабінэт заявіў, што «дэнансуе палітычныя і ваенныя дамовы з Расеяй» і аб’яўляе аб выхадзе Беларусі з АДКБ, ЭАЭС і СНД.
  • Полк Каліноўскага заклікаў грамадзянаў Беларусі рыхтавацца да «вызваленьня ад дыктатуры і акупацыі»
  • Прэс-служба Аляксандра Лукашэнкі ўвечары 23 чэрвеня напісала, што той угаварыў заснавальніка ПВК «Вагнэр» Яўгенія Прыгожына спыніць прасоўваньне да Масквы.
  • Пазьней Прыгожын заявіў аб завяршэньні марша і вяртаньні баевікоў у палявыя лягеры.
  • Пазьней зьявілася навіна аб тым, што Прыгожын паедзе ў Беларусь, а крымінальную справу ў РФ супраць яго спыняць.
  • 26 чэрвеня у Генпракуратуры Расеі паведамілі, што справу супраць Прыгожына не спынілі.
  • 27 чэрвеня Аляксандар Лукашэнка пацьвердзіў прылёт у Беларусь кіраўніка ПВК «Вагнэр» Яўгенія Прыгожына. Найміты ПВК «Вагнэр», паводле Лукашэнкі, будуць працаваць у Беларусі інструктарамі, ім прапанавалі ў распараджэньне закінутую вайсковую частку.
  • 2 ліпеня ПВК «Вагнэр» абвясьціла, што на месяц прыпыняе вэрбоўку ў свае шэрагі. Гэта патлумачылі часовым няўдзелам групоўкі ў вайне супраць Украіны і «пераездам у Рэспубліку Беларусь».
  • У сярэдзіне ліпеня байцы ПВК сталі калёнамі прыбываць у лягер каля вёскі Цэль. Міністэрства абароны Беларусі абвясьціла пра сумесныя трэнаваньні на палігоне «Берасьцейскі».
  • Былы лідэр прарасейскіх сэпаратыстаў на Данбасе Ігар Стралкоў-Гіркін у сваім тэлеграм-канале, спасылаючыся на аднаго з камандзіраў ПВК «Вагнэр», кіраўніка штабу з пазыўным «Маркс», паведаміў, што ў Беларусь прыбудзе да 10 тысяч байцоў «Вагнэру».
  • Агулам у Беларусь прыехалі 12 калёнаў наймітаў. Там была і будаўнічая тэхніка.
  • 23 жніўня, як паведаміла Расавіяцыя, Яўгеній Прыгожын загінуў у разьбітым самалёце пад Цьверру. Разам зь ім там быў адзін з камандзіраў ПВК «Вагнэр» Дзьмітрый Уткін.