Урадавы бізнэс-джэт EW-301PJ, які ў 00:01 вылецеў зь менскага аэрапорта, у 5:15 раніцы прызямліўся ў турэцкім Бодруме, паведамляе Motolko.help.
Як піша Reform.by, урадавы борт Canadair CL-600-2B19 Challenger 850 з нумарам EW-301PJ накіраваўся зь Менску ў Турэччыну па незвычайным маршруце, пра што сведчаць зьвесткі сэрвісу radarbox.com. Самалёт зрабіў вялікі крук: ён стараўся абляцець Краснадарскі і Стаўрапольскі краі Расеі бокам, заляцеў над Касьпійскае мора і потым праз Грузію дабраўся да турэцкага курорта.
Гэты бізнэс-джэт выкарыстоўваюць высокапастаўленыя беларускія чыноўнікі, а таксама чальцы сям'і Аляксандра Лукашэнкі, Віктар і Дзьмітры Лукашэнкі. Праўда, як вынікае з рэпартажу БелТА, Віктара Лукашэнкі на ім дакладна няма, бо ён цяпер у Глыбокім.