Віленскаму беларускага музэю імя Івана Луцкевіча вярнулі скрадзеныя ахвяраваньні

Вільня

Скрынку з ахвяраваньнямі скралі ў «Ноч музэяў».

23 чэрвеня Віленскі беларускі музэй імя Івана Луцкевіча ў Instagram паведаміў, што зладзеяў затрымалі і пасьля складаньня пагадненьня грошы супрацоўнікам музэю вярнулі:

«Шчасьліва скончылася гісторыя, якая пачалася на Ноч музэяў, калі ў нас скралі скрынку з ахвяраваньнямі. Як мы былі пісалі раней, супрацоўнікі музэю самастойна затрымалі зладзеяў, калі тыя зноў зьявіліся каля музэю. Калі нашыя добрыя наведнікі адгукнуліся на запрашэньне дасылаць зьвесткі, хто колькі ахвяраваў, то гэта пераканала й паліцыю, і зладзеек. Таму было складзена дасудовае пагадненьне і яны вярнулі нам 440 эўра, з вашай, шаноўныя, дапамогай, — паведамілі супрацоўнікі музэю. —Траўма засталася, але задавальненьне ад грамадзкай дапамогі яе шматкроць пераважвае. Шчыра дзякуем кожнай ды кожнаму, хто ахвяраваў, напісаў і падзяліўся!»

  • Віленскі беларускі музэй імя Івана Луцкевіча, ён жа Цэнтар беларускай культуры і супольнасьці ў Літве, знаходзіцца ў Вільні на вуліцы Віленскай, 20. У ім, акрамя сталай экспазыцыі, праходзяць беларускія вечарыны, выставы і сустрэчы зь вядомымі людзьмі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Зь Віленскага беларускага музэю імя Івана Луцкевіча скралі ахвяраваньні