ААН уключыла расейскія войскі ў «чорны сьпіс» парушальнікаў правоў дзяцей падчас канфліктаў

Антонію Гутэрыш

Згодна з штогадовай справаздачай, падрыхтаванай ААН, 136 украінскіх дзяцей загінулі і 518 атрымалі раненьні ў выніку дзеяньняў расейскіх вайскоўцаў.

Арганізацыя Аб’яднаных Нацый уключыла расейскія войскі ў свой штогадовы «чорны сьпіс» парушальнікаў правоў дзяцей падчас канфліктаў, гаворыцца ў новым дакладзе для Рады Бясьпекі ААН, зь якім 22 чэрвеня азнаёмілася агенцтва Associated Press.

Генэральны сакратар ААН Антонію Гутэрыш заявіў у дакладзе, што ён «усхваляваны» вялікай колькасьцю «сурʼёзных парушэньняў» у дачыненьні да дзяцей ва Ўкраіне ў 2022 годзе, «шакаваны» колькасьцю нападаў на школы і лякарні, «занепакоены» затрыманьнем дзяцей і тым, што некаторых ўкраінскіх дзецей перадалі Расеі.

Генэральны сакратар адзначыў, што летась дзеці па ўсім сьвеце непрапарцыйна моцна пакутавалі ад узброеных канфліктаў. Ён сказаў, што ААН пацьвердзіла сурʼёзныя парушэньні ў дачыненьні да 13 469 дзяцей, у тым ліку 2985 дзяцей забілі ў 24 краінах і адным рэгіёне.

Сярод адзначаных грубых парушэньняў закону — вэрбаваньне і выкарыстаньне дзяцей удзельнікамі канфліктаў, забойствы і раненьні, сэксуальны гвалт, выкраданьні і напады на школы і лякарні.

Гутэрыш сказаў, што распаўсюджваньне канфліктаў на новыя раёны садзейнічала павелічэньню колькасьці сурʼёзных парушэньняў на 140 працэнтаў у Мʼянме і на 135 працэнтаў у Паўднёвым Судане. Усплёск актыўнасьці ўзброеных груповак, уключаючы «Аль-Кайду» і «Ісламскую дзяржаву», таксама выклікаў рэзкае пагаршэнне сытуацыі ў цэнтральнай частцы Сахеля, асабліва ў Буркіна-Фаса, што прывяло да 85-працэнтнага павелічэньня колькасьці грубых парушэньняў.

Па словах генэральнага сакратара, парушэньні таксама пачасьціліся ў Калюмбіі, Ізраілі, на палестынскіх тэрыторыях, у Лібане, Лібіі, Малі, Нігерыі, Судане і Сырыі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Расея лёгка прызнае ўкраінскіх дзяцей сіротамі і неахвотна вяртае ў сем’і, — журналісцкае расьсьледаваньне

Гутэрыш заявіў, што расейскія ўзброеныя сілы і зьвязаныя зь імі ўзброеныя групоўкі ўнесены ў сьпіс за ўчыненьне 480 нападаў на школы і лякарні, а таксама за забойства дзяцей, у прыватнасьці ў выніку абстрэлаў і авіяўдараў па гарадах і пасёлках. Паводле паведамленьня, 136 украінскіх дзяцей загінулі і 518 атрымалі раненьні.

Генэральны сакратар заклікаў расейскія ўлады выконваць свае абавязаньні ў міжнародным праве і свае ўласныя абавязаньні ў абароне дзяцей, у тым ліку пазьбягаючы выкарыстаньня школ і лякарняў у вайсковых мэтах, прымаючы меры па прыцягненьню да адказнасьці і кампэнсацыі шкоды, а таксама абменьваючыся інфармацыяй з ААН аб усіх дзецях у раёнах, закранутых канфліктам.

Гутэрыш таксама заклікаў Расею ня ўносіць зьмены ў дакумэнты ўкраінскіх дзяцей, у тым ліку інфармацыю аб іх нацыянальнасьці.

Кіраўнік ААН сказаў, што ён таксама занепакоены колькасьцю сурʼёзных парушэньняў у адносінах да дзяцей з боку ўкраінскіх сіл, і заклікаў іх выконваць меры абароны грамадзянскіх асоб у адпаведнасьці з міжнародным правам.

Згодна са справаздачай, украінскія Ўзброеныя сілы нясуць адказнасьць за гібель 80 дзяцей і раненьні 175 чалавек, а таксама за 212 абстрэлаў школ і бальніц.

Як паведамляе расейская служба Радыё Свабода, падобна, маюцца на ўвазе абстрэлы акупаваных Расеяй украінскіх тэрыторый. Украінская армія не была ўключаная ў сьпіс парушальнікаў, падкрэсьлівае Reuters. Генэральны сакратар ААН таксама выкарыстаў розныя фармулёўкі — дзеяньнямі расейскіх вайскоўцаў ён, як сьцьвярджаецца, быў «шакаваны», а ўкраінскіх — «занепакоены».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Дзецям не дазваляюць быць украінцамі». Як рэжым Лукашэнкі дапамагае русыфікаваць украінскіх дзяцей
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Беларусі ня ўтойваюць, што ўкраінскія дзеці праходзяць «патрыятычнае выхаваньне» ў беларускіх летніках