«Новы пасол Украіны будзе ўручаць даверчыя граматы новаму прэзыдэнту Беларусі». Палітоляг пра адстаўку Ігара Кізіма

Ігар Кізім

22 чэрвеня прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі падпісаў указ аб вызваленьні ад пасады амбасадара ў Беларусі Ігара Кізіма.

Кізім узначальваў амбасаду ў Менску з 2017 году. Пасьля пачатку поўнамаштабнага ўварваньня Расеі ва Ўкраіну ў лютым 2022 году Кіеў разарваў дыпляматычныя адносіны з Расеяй, але не зь Беларусьсю.

У красавіку сёлета, пасьля сустрэчы Аляксандра Лукашэнкі ў Менску з кіраўніком акупаванай Расеяй «ДНР» Дзянісам Пушыліным, Кіеў адклікаў амбасадара Кізіма для кансультацыяў. Указ аб яго адстаўцы мы папрасілі пракамэнтаваць украінскага палітоляга Яўгена Магду.

Яўген Магда

— Пасьля таго як амбасадара Кізіма адклікалі зь Менску на кансультацыі пасьля сустрэчы Лукашэнкі з Пушыліным, яго звальненьне з пасады было пытаньнем часу. І гэты час вызначалі ня ў Кіеве і нават ня ў Менску, а ў Маскве. Яго вызначалі праз разьмяшчэньне ядзернай зброі на тэрыторыі Беларусі. Відавочна, што Ўкраіна не захацела мець паўнавартаснага амбасадара ў Беларусі, калі там будзе разьмешчаная тактычная ядзерная зброя, якая будзе несьці пагрозу для нашай дзяржавы.

Таму прэзыдэнт Зяленскі прадэманстраваў паніжэньне ўзроўню адносінаў, звольніўшы амбасадара, які больш за 5 гадоў прадстаўляў Украіну ў Беларусі. Трэба адразу дакладна сказаць, што гэта не азначае разрыву дыпляматычных адносінаў. Але да іх разрыву застанецца толькі адзін крок. І гэта ў Беларусі павінны разумець.

Там таксама павінны разумець, што новы амбасадар прызначаны ня будзе. Ён ня будзе ўручаць даверчыя граматы Лукашэнку, якога ў Кіеве лічаць нелегітымным. І звальненьне Ігара Кізіма дадаткова пацьвердзіла гэты факт. І можна дапусьціць, што новы амбасадар Украіны будзе ўручаць даверчыя граматы новаму прэзыдэнту Беларусі. Калі гэта адбудзецца — цяпер, на жаль, невядома.

— Але, наколькі я разумею, амбасада не зачыняецца і ёю будзе кіраваць часовы павераны?

— Так, будзе часовы павераны. Там засталося літаральна 5 чалавек. Дарэчы, могуць прыслаць новага дыплямата, які зойме пасаду часовага паверанага. Для гэтага ня трэба ўручаць даверчыя граматы. Я б на месцы Зяленскага прыслаў на гэтую пасаду нейкага колішняга вайсковага аташэ.

  • Днямі ў Вярхоўнай Радзе Ўкраіны быў зарэгістраваны праект пастановы аб прызнаньні Беларусі дзяржавай-агрэсарам і разрыве зь ёю дыпляматычных адносінаў.
  • Увесь пэрсанал амбасады Беларусі ва Ўкраіне быў адкліканы 20 сакавіка 2022 году, менш як празь месяц пасьля пачатку поўнамаштабнага ўварваньня Расеі ва Ўкраіну.
  • Беларускія праўладныя прапагандысты неаднаразова ладзілі правакацыі супраць амбасадара Кізіма, яго абвінавачвалі ў вярбоўцы ў Беларусі добраахвотнікаў на вайну на баку Ўкраіны, гучалі патрабаваньні абвясьціць яго persona non grata.