Міжнародны алімпійскі камітэт (МАК) у чацьвер зьвярнуўся да Ўкраіны з просьбай даць сваім спартоўцам магчымасьць адабрацца на Алімпійскія гульні ў Парыжы 2024 году, нягледзячы на частковую забарону выступаць супраць расейскіх і беларускіх спартоўцаў, якая існуе ў Кіеве.
Прэзыдэнт МАК Томас Бах заявіў, што алімпійская арганізацыя падтрымае «кожнага ўкраінскага спартоўца», які жадае ўзяць удзел у алімпійскіх адборачных спаборніцтвах у сваім відзе спорту.
«Мы хочам даць магчымасьць кожнаму ўкраінскаму атлету зараз прайсьці кваліфікацыю і ўзяць удзел у Алімпійскіх гульнях», — сказаў Бах на пачатку пасяджэньня МАК.
Украіна ў сакавіку забараніла сваім нацыянальным камандам удзельнічаць у алімпійскіх, неалімпійскіх і паралімпійскіх спаборніцтвах, у якіх удзельнічаюць атлеты з Расеі і Беларусі. Гэтае рашэньне прынялі пасьля таго, як МАК дазволіў расейскім і беларускім спартоўцам вярнуцца да спаборніцтваў у якасьці нэўтральных (бязь сьцяга і гімна), хоць у лютым 2022 году забараніў ім удзел.
Рашэньне аб удзеле расейскіх і беларускіх спартоўцаў у парыскай Алімпіядзе 2024 году пакуль не прынялі, яго некалькі разоў адкладалі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Не падтрымліваю Лукашэнку цяпер». Сабаленка адказала на палітычныя пытаньніАдкліканьне прызнаньня баксэрскай асацыяцыі
Міжнародны алімпійскі камітэт адклікаў сваё прызнаньне кіроўнага органа боксу, IBА. Пры гэтым у МАК заявілі, што бокс уключаць у праграму Гульняў 2024 і 2028 гадоў у Парыжы і Лос-Анджэлесе.
Выканаўчая рада МАК прагаласавала 69 галасамі супраць 1 за выключэньне Міжнароднай баксэрскай асацыяцыі (IBA) з Алімпійскага руху. 10 чальцоў рады ўстрымаліся.
Спрэчка МАК з IBA трывае ўжо чатыры гады. У 2019 годзе МАК прыпыніла прызнаньне баксэрскай асацыяцыі праз шматлікія карупцыйныя скандалы. Таксама асацыяцыя дазваляла ўдзел расейскіх і беларускіх спартоўцаў у баях пад дзяржаўнай сымболікай.
Асацыяцыю IBA, прэзыдэнт якой — Умар Крамлёў з Расеі, крытыкуюць за недахопы ў кіраваньні, фінансавай празрыстасьці і ўстойлівасьці.
«МАК пастаянна і цярпліва спрабаваў дапамагчы ў трох праблемных сфэрах. Рэвалюцыйных зьменаў за гэтыя гады не адбылося. Гэта сытуацыя, зь якой няма вяртаньня», — заявіў генэральны дырэктар МАК Крыстаф Дэ Кепэр на сэсіі МАК у Лязане.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Ня думаю, што Недасекаў паедзе на Алімпіяду». Тлумачым, што за рашэньне прыняў МАК пра беларускіх спартоўцаў ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Кіеве патлумачылі, чаму выступаюць супраць удзелу Расеі і Беларусі ў Алімпійскіх гульнях у Парыжы