Пастанову аб гэтым Міністэрства працы апублікавалі на Нацыянальным прававым інтэрнэт-партале, яна пачынае дзейнічаць 1 ліпеня.
Дзеяньне дакумэнта распаўсюджваецца на вэтэрынарных лекараў, дактароў-спэцыялістаў, фэльчараў усіх мэдыцынскіх спэцыяльнасьцяў, мэдыцынскіх сясьцёр (братоў), а таксама інжынэраў.
Права на працаўладкаваньне без ПМЖ атрымаюць іншаземцы і асобы без грамадзянства — кіроўцы аўтамабіляў, сьлесары-рамонтнікі, трактарысты-машыністы сельскагаспадарчай вытворчасьці, швачкі, электраманцёры па рамонце і абслугоўваньні электраабсталяваньня.
9 чэрвеня камітэт працы, занятасьці і сацыяльнай абароны насельніцтва Менскага гарвыканкаму апублікаваў базу вакансій на рынку працы, згодна зь якой не хапае больш як 4,1 тысячы мэдыцынскіх работнікаў.
У пераліку самых запатрабаваных пазыцый фігуруюць мэдсёстры (2080 вакансій), дактары-спэцыялісты (1733), фэльчары (335).
На нарадзе аб актуальных пытаньнях аховы здароўя 23 траўня Аляксандар Лукашэнка запатрабаваў «спыніць вольніцу» ў пытаньні абавязковай адпрацоўкі мэдыкамі, якія вучыліся ў ВНУ па мэтавым наборы.
«Як вы зьбіраецеся ўтрымаць спэцыялістаў на месцах, калі там ня створаны нармальныя ўмовы для пацыентаў? І для мэдыкаў таксама. Адсюль і кадравыя праблемы: быццам рыхтуем дастаткова лекараў і мэдсясьцёр, а ў раёнах не затрымліваюцца нават мэтавікі. Шукаюць сабе месца ў сталіцы або, што яшчэ горш, за мяжой. Разьбярыцеся з мэтавікамі. Разьбярыцеся, каго вы туды набіраеце», — сказаў ён.
У 2021 і 2022 гадах з палітычных матываў звольнілі больш за 200 мэдработнікаў. Такія дадзеныя прыводзіліся ў дасьледаваньні «Практыка „забароны на прафэсію“ ў Беларусі ў 2020–2022 гадах», праведзеным Цэнтрам эўрапейскай трансфармацыі і Лятучым унівэрсытэтам.
Рэальны маштаб палітычных звальненьняў у мэдыцыне на парадак вышэйшы, заявіў BPN прадстаўнік ініцыятывы «Белыя халаты».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Супольнасьць чыгуначнікаў» паведаміла пра звальненьне тысячы чалавек зь Беларускай чыгункі ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «У цябе ж бэчэбэшны артыкул!». Беларусаў, якія «засьвяціліся» на пратэстах-2020, не бяруць на працу