На адкрыцьцё ІІІ Эўрапейскіх гульняў у Кракаве ад Беларусі запрасілі Латушку і «вольных спартоўцаў»

Ілюстрацыйнае фота. На цырымоніі адкрыцьця Эўрапейскіх гульняў у Кракаве, 21 чэрвеня 2023 году

Дэлегацыя з прадстаўнікоў дэмакратычнай Беларусі прысутнічае на цырымоніі адкрыцьця ІІІ Эўрапейскіх гульняў, якія праходзяць 21 чэрвеня — 2 ліпеня ў Кракаве.

Яна атрымала запрашэньне на цырымонію ад Міністэрства спорту Польшчы і Аргкамітэту Эўрагульняў, паведаміў на сваім Youtube-канале кіраўнік «Народнага антыкрызіснага ўпраўленьня», намесьнік кіраўніка Аб’яднанага пераходнага кабінэтe Павал Латушка, якога запрасілі на цырымонію ў складзе беларускай дэлегацыі.

Акрамя Латушкі, у склад дэлегацыі ўваходзяць прадстаўнікі «вольных беларускіх спартоўцаў», якія цяпер жывуць за мяжой і якія падтрымалі пасьлявыбарчыя пратэсты 2020 году ў Беларусі, а таксама асудзілі расейскую агрэсію ва Ўкраіне:

  • беларускі футбаліст Аляксандар Хацкевіч, паўфіналіст Лігі чэмпіёнаў УЭФА, былы галоўны трэнэр нацыянальнай зборнай Беларусі;
  • Сьцяпан Папоў, чэмпіён сьвету і Эўропы ў самба, чэмпіён Эўрапейскіх гульняў, уладальнік дыплёма Fair Play;
  • кікбаксэр Іван Ганін, срэбны прызэр Чэмпіянату сьвету, уладальнік Кубку сьвету;
  • лучніца Карына Казлоўская, якая заняла 4 месца на Алімпійскіх гульнях у Токіё 2020 году і 3 месца на Кубку Эўропы-2023, пераможца Гран-пры Эўропы 2019 году, срэбная прызэрка Эўрапейскіх гульняў, рэкардсмэнка Беларусі і Польшчы;
  • былы генэральны дырэктар футбольнага клюбу БАТЭ (Барысаў) Міхаіл Залеўскі, цяпер намесьнік прадстаўніка Кабінэта па транзыце ўлады, які адказвае за пытаньні санкцыяў у сфэры спорту.

Павал Латушка назваў «вельмі важным» тое, што на цырымоніі адкрыцьця ІІІ Эўрапейскіх гульняў у Кракаве змаглі прысутнічаць «не функцыянэры рэжыму, не [ляяльныя Аляксандру Лукашэнку] спартоўцы, а атлеты, якія сказалі: «Мы за свабоду, за дэмакратычную Беларусь, супраць рэпрэсій, гвалту і катаваньняў», хто сказаў: «Не вайне».

«Мы б хацелі, каб у Эўрапейскіх гульнях удзельнічала і нашая спартовая зборная. Можа быць, нам не хапіла некалькіх тыдняў, [каб атрымаць адпаведны дазвол]. Але гэта першы маленькі крок у правільным кірунку», — сказаў Латушка.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Былы генэральны дырэктар БАТЭ: Што разбурыла беларускі футбол і як футбалістам пачаць перамагаць
  • У рамках ІІІ Эўрапейскіх гульняў пройдуць спаборніцтвы па 29 відах спорту. Прадстаўнікоў Беларусі і Расеі да ўдзелу не дапусьцілі.
  • Пасьля поўнамаштабнага нападу Расеі на Ўкраіну, 28 лютага 2022 году Міжнародны алімпійскі камітэт заклікаў міжнародныя спартыўныя фэдэрацыі не дапускаць да спаборніцтваў атлетаў з Расеі і Беларусі. Рэкамэндацыю неадкладна і масава прынялі да выкананьня, у выніку чаго расейскі і беларускі спорт аказаўся амаль у поўнай ізаляцыі.
  • Сёлета выканкам МАК пацьвердзіў санкцыі, уведзеныя ў дачыненьні да Беларусі і РФ, але зазначыў, што спартоўцам нельга забараняць удзельнічаць «толькі праз пашпарт», і рэкамэндаваў міжнародным фэдэрацыям дазволіць беларусам і расейцам удзельнічаць у спаборніцтвах у нэўтральным статусе, у тым выпадку, калі яны «актыўна не займаліся падтрымкай баявых дзеяньняў» і ня маюць дзейных кантрактаў з сілавымі і ваеннымі ведамствамі сваіх краінаў.
  • ІІ Эўрапейскія гульні ў 2019 годзе прымаў Менск.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Беларускіх весьляроў дапусьцілі да міжнародных спаборніцтваў у нэўтральным статусе
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Спартовец Краўчанка: «Міжнародныя спартовыя арганізацыі не падтрымалі беларускіх атлетаў, якія выступілі супраць дыктатуры»
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: G7: Спартоўцы зь Беларусі і Расеі «не павінны выступаць» пад сьцягамі сваіх дзяржаў