На мінулым тыдні стала вядома, што ў траўні са шклоўскай калёніі, дзе памёр палітвязень Вітольд Ашурак, звольнілася начальніца мэдычнай часткі Натальля Добрадзярэвец. Як стала вядома выданьню «Зеркало», яна пайшла на павышэньне.
Крыніца, знаёмая з сытуацыяй, расказала выданьню, што Добрадзярэвец цяпер працуе ў ЛПП № 7 у Магілёве:
«У Шклове была начальніцай мэдычнай часткі — у Магілёве яна намесьніца начальніка ўстановы ў лячэбна-прафіляктычнай працы. Там была маёрам — тут падпалкоўнік. Гэта ні з чым не зьвязана, яна проста пайшла на павышэньне», — патлумачыла крыніца прычыны звальненьня Натальлі Дабрадзярэвец.
У ЛПП № 7, куды журналістка «Зеркала» патэлефанавала як жыхарка гораду, пацьвердзілі, што Натальля Дабрадзярэвец там працуе.
Крыніца выданьня ахарактарызавала Дабрадзярэвец як «граматнага» мэдыка, патлумачыўшы, што «на такія пасады не бяруць людзей проста так». «Яна добры чалавек, сумленны. І спэцыяліст талковы. Такія вось абставіны склаліся там», — дадаў суразмоўца, маючы на ўвазе сьмерць палітвязьня Вітольда Ашурка.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Я сваю справу зрабіў». Публікуем невядомыя фрагмэнты турэмных лістоў Вітольда АшуркаУ шклоўскай калёніі, паводле інфармацыі «Нашай нівы», на пасадзе начальніка рэжымнай часткі працягвае працаваць муж Добрадзярэвец Сяргей Карчэўскі.
У траўні праект «Альянс расьсьледнікаў Беларусі» апублікаваў запіс тэлефоннай размовы ад 2021 году, на якой жанчына прасіла перавесьці яе разам з мужам са Шклова ў іншае месца — праз тое, што здарылася зь Вітольдам Ашуркам. Як сьцьвярджаў праект, жаночы голас на аўдыё належаў Натальлі Добрадзярэвец, а мужчынскі — палкоўніку міліцыі Аляксандру Казлову.
«Сытуацыя становіцца настолькі складанай, што нам зь Сяргеем, хутчэй за ўсё, давядзецца звольніцца. Па сутнасьці, адбылася сапраўдная недарэчнасьць, аднак гэтая сытуацыя можа пагражаць мне поўным п***, калі я застануся. У нас якраз ідзе праверка па гэтым палітвязьні, і я вельмі спадзяюся, што ўсё ў выніку атрымаецца загладзіць», — кажа жанчына на аўдыё.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Палітвязьняў даводзяць да сьмерці». Як насамрэч можна дапамагчы палітвязьням- Вітольд Ашурак, актывіст зь Бярозаўкі і сябра Партыі БНФ, загінуў 21 траўня 2021 году пры нявысьветленых абставінах у калёніі ў Шклове. Па рашэньні суду ў Лідзе ён атрымаў 5 гадоў пазбаўленьня волі за ўдзел у пратэстах пасьля выбараў у жніўні 2020 году.
- У сьмерці Вітольда Ашурка ўлада не знайшла вінаватых: паводле афіцыйнай вэрсіі, ён памёр ад спыненьня сэрца. Крымінальную справу па гэтым факце заводзіць ня сталі.
- Родныя і паплечнікі палітвязьня перакананыя ў гвалтоўным характары ягонай сьмерці.
Хто такі Вітольд Ашурак
- Вітольд Ашурак — палітычны і грамадзкі актывіст. Сябар партыі БНФ, абласны каардынатар руху «За свабоду». Жыў і працаваў у Бярозаўцы (Лідзкі раён). Нарадзіўся 13 кастрычніка 1970 году. Памёр 21 траўня 2021-га ў папраўчай калёніі № 17.
- Прыйшоў у палітыку пасьля Плошчы-2010 і арышту пасьля яе. Тады ж перайшоў на беларускую мову. Неаднойчы балятаваўся ў мясцовыя дэпутаты і парлямэнт. Ні разу туды ня трапіў.
- Падымаў экалягічныя пытаньні, у тым ліку пра забруджваньне паветра шклозаводам «Нёман» у Бярозаўцы, забруджваньне рэк Дзітва і Нёман, якое выклікала паморак рыбы. Выходзіў на акцыі і адзіночныя пікеты. Яго ня раз затрымлівалі і штрафавалі.
- Разам з паплечнікамі ўшаноўваў мясьціны паўстанцаў Каліноўскага на Горадзеншчыне і Берасьцейшчыне, ставіў каліноўцам помнікі і крыжы. Удзельнічаў у цырымоніі перапахаваньня паўстанцаў Каліноўскага ў Вільні ў 2019 годзе.
- Ашурак стаў лідэрам пратэстаў у Лідзе падчас прэзыдэнцкай кампаніі 2020 году. 9 жніўня да Лідзкага райвыканкаму прыйшлі тысячы чалавек, незадаволеныя агучанымі вынікамі галасаваньня. Вітольд у той вечар і раней заклікаў усіх да мірнага вырашэньня пытаньня.
- Актывіста затрымалі ўвечары 9 жніўня і асудзілі на 20 сутак: 15 за ўдзел у «несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве», 5 дадалі за «непавагу да суду», бо Вітольд ня ўстаў, калі ўвайшоў судзьдзя. Яго выпусьцілі празь 5 дзён, калі сталі выпускаць усіх «палітычных». На плошчу ў Лідзе яго прывёз на сваёй машыне сам начальнік Лідзкага РАУС.
- Паўторна Ашурка затрымалі 19 верасьня 2020 году. Ён мусіў адбыць прыпынены арышт (15 дзён), яшчэ 15 сутак далі за тыя акцыі, на якія ён хадзіў у жніўні і верасьні.
- Празь месяц яго ня выпусьцілі з ізалятара. На Вітольда завялі дзьве крымінальныя справы за падзеі 9 жніўня: за «арганізацыю дзеяньняў, якія груба парушаюць грамадзкі парадак» (артыкул 342 Крымінальнага кодэксу Беларусі) і за тое, што нібыта ўдарыў каленам у жывот міліцыянта Антона Кацілу (артыкул 364 КК Беларусі).
- Суд праходзіў у Лідзе ў закрытым рэжыме. Судзьдзя Максім Філатаў 18 студзеня 2021 году асудзіў Ашурка на 5 гадоў калёніі. Таксама актывіст мусіў выплаціць 1000 рублёў кампэнсацыі маральнай шкоды пацярпеламу міліцыянту Кацілу.
- Вітольд Ашурак быў прызнаны палітвязьнем.
- 21 красавіка Ашурка перавялі з горадзенскай турмы ў шклоўскую калёнію. Цягам месяца ад яго амаль не было лістоў, хаця перад гэтым лісты сябрам і сваякам ад яго прыходзілі часта. У адным з апошніх ягоных лістоў упершыню не было фразы «Жыве Беларусь!», якой ён завяршаў кожны ліст.
- 21 траўня родным паведамілі са шклоўскай калёніі, што Вітольд Ашурак памёр ад «спыненьня сэрца».
- Цела аддалі сваякам празь 5 дзён. Галава «ад макаўкі да носу» была забінтаваная. У магілёўскім моргу патлумачылі гэта тым, што цела нібыта ўдарылі галавой, калі вымалі зь лядоўні. У дакумэнтах прычына сьмерці Ашурка не названая.
- У той жа вечар зьявілася змантаванае зь некалькіх кавалкаў відэа Сьледчага камітэту, на якім нібыта апошнія моманты жыцьця Ашурка. Відаць чалавека ў пустой камэры ў робе з надпісам «ШИЗО». Ён стаіць, хістаючыся, а потым двойчы падае, б’ецца галавой. Супрацоўнік турмы перабінтоўвае яму галаву пасьля першага падзеньня і зноў пакідае аднаго ў камэры. Са словаў Сьледчага камітэту, Ашурак адмовіўся ад шпіталізацыі.
- Сваякі думаюць, што Вітольда забілі ў калёніі.
- Вітольда пахавалі на бярозаўскіх могілках пад бел-чырвона-белым сьцягам і з гімнам «Магутны Божа». Крымінальную справу па факце сьмерці Вітольда Ашурка не завялі.