Эканаміста Паўла Данейку выключылі з рады дырэктараў «Белгазпрамбанку»

«Белгазпрамбанк» зьмяніў склад сваёй рады дырэктараў, вынікае з дакумэнту, які апублікаваны на Адзіным партале фінансавага рынку, заўважыў Sputnik. У новым складзе няма Паўла Данейкі, беларускага эканаміста, аналітыка, грамадзкага і палітычнага дзеяча.

У папярэдняй вэрсіі дакумэнту ад 15 сакавіка 2022 году Данейка ўсё яшчэ значыўся ў радзе дырэктараў «Белгазпрамбанку». У новым сьпісе сябраў засталіся толькі два незалежныя дырэктары, абодва расейскія: Аляксандар Казначэеў (топ-мэнэджар Маскоўскага крэдытнага банка) і Кірыл Левін (першы намесьнік старшыні расейскага «Россельхозбанка»).

У ліпені 2020 году ў кіраўніцтва «Белгазпрамбанку», якім кіраваў цяперашні палітвязень Віктар Бабарыка, прызначылі міністра энэргетыкі Віктара Каранкевіча. Да таго часу ў радзе дырэктараў «Белгазпрамбанку» не было беларускіх чыноўнікаў.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У кіраўніцтва «Белгазпрамбанку», якім кіраваў палітвязень Бабарыка, прызначылі міністра энэргетыкі

Павал Данейка — эканаміст з больш як 25-гадовым досьведам кіраваньня і кансалтынгу. Сузаснавальнік Інстытуту прыватызацыі і мэнэджмэнту і шэрагу беларускіх аналітычных цэнтраў. Таксама ён вядомы як бізнэс-лектар, удзельнік назіральных радаў кампаній «Мілавіца», «Фармлэнд» і «Гомсельмаш». Уваходзіў у розныя аўтарытэтныя бізнэс-арганізацыі, у тым ліку і ў грамадзка-кансультацыйную раду па разьвіцьці прадпрымальніцтва пры Мінэканомікі Беларусі.

На пасаду незалежнага дырэктара ў «Белгазпрамбанку» Данейка прыйшоў у 2018 годзе, будучы на той момант кіраўніком групы кампаній ІПМ. Улетку 2021 году рэжым Лукашэнкі вырашыў ліквідаваць дзьве юрыдычныя асобы гэтай групы — «Дасьледчы цэнтар Інстытуту прыватызацыі і мэнэджмэнту» і «Цэнтар павышэньня кваліфікацыі кіраўнічых работнікаў і спэцыялістаў „Бізнэс-школа ІПМ“».

У 2020 годзе Данейка ўваходзіў у Каардынацыйную раду. Пазьней эканаміст пакінуў Беларусь.

Цяпер Павал Данейка — адміністрацыйны дырэктар Цэнтру эканамічных дасьледаваньняў BEROC.

У 1995–1996 гадах Павал Данейка быў дэпутатам Вярхоўнага Савету XIII скліканьня, уваходзіў у склад фракцыі «Грамадзянскае дзеяньне», якая гуртавала людзей, зьвязаных перадусім з Аб'яднанай грамадзянскай партыяй. На пачатку 2000-х адышоў ад палітыкі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Данэйка супраць Раманчука: спрэчка аб прыватызацыі і імітацыйных рэформах