Пра гэта піша Bloomberg са спасылкай на даклад працоўнай групы па выкарыстаньні блякаваных расейскіх рэзэрваў. У ім гаворыцца, што не існуе «надзейнага прававога мэханізму, які дазваляе канфіскаваць замарожаныя або заблякаваныя актывы выключна на той падставе, што яны падпадаюць пад абмежавальныя меры ЭЗ».
Чальцы рабочай групы прапанавалі альтэрнатыўныя мэханізмы выкарыстаньня заблякаваных актываў, у тым ліку — перадачу Ўкраіне даходу ад інвэставаньня замарожаных сродкаў. Пры гэтым, на думку аўтараў дакладу, такі спосаб можа зьнізіць давер да эўра і ў далейшым дазволіць РФ аспрэчыць гэтае рашэньне ў судзе.
Іншы варыянт — так званы «непрадбачаны ўнёсак». Ён прадугледжвае, што кампаніі, якія атрымалі вялікі прыбытак ад блякаваных расейскіх актываў, павінны будуць перавесьці значную суму Эўразьвязу. Адзначаецца, што сябры працоўнай групы схіляюцца якраз да гэтага мэханізму, бо ён можа зьменшыць юрыдычныя рызыкі, паколькі ЭЗ не кіруе актывамі наўпрост.
ЭЗ працягвае вывучаць магчымасьці выкарыстаньня больш як 200 млрд эўра замарожаных актываў Цэнтрабанку Расеі і накіраваньня іх ва Ўкраіну. Многія з гэтых актываў захоўваюцца ў Euroclear, дзе па выніках першага кварталу 2023 году даход ад працэнтных ставак па іх склаў каля 750 млн эўра.
Кіраўнік Эўракамісіі Урзуля фон дэр Ляен на канфэрэнцыі па аднаўленьні Ўкраіны ў Лёндане заявіла, што блёк выступіць з прапановай аб выкарыстаньні гэтых актываў у сярэдзіне ліпеня.
- Эўрапейскі цэнтральны банк раней папярэдзіў кіраўніцтва ЭЗ, што канфіскацыя блякаваных расейскіх актываў можа падарваць давер да эўра як сусьветнай валюты, асабліва калі ЭЗ будзе дзейнічаць у аднабаковым парадку без удзелу іншых краін G7, пісала The Financial Times са спасылкай на крыніцы.
- ЗША, ЭЗ і іншыя краіны ўвялі санкцыі і замарозілі актывы Расеі і расейскіх алігархаў пасьля поўнамаштабнага ўварваньня Расеі ва Ўкраіну. У лістападзе 2022 году Урзуля фон дэр Ляен заявіла, што заходнія краіны заблякавалі 300 млрд эўра рэзэрваў Цэнтрабанку РФ і 19 млрд эўра прыватных сродкаў расейскіх алігархаў.
Вайна Расеі супраць Украіны
- А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе па просьбе груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах абласьцей. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
- Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам.
- Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб'екты, расейцы бамбяць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
- 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фотаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяр масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
- З 24 лютага Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый у Харкаўскай вобласьці.
- Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якія Расея не кантралявала.
- 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
- У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
- 3 верасьня ўкраінскі брыгадны генэрал Аляксандар Тарнаўскі заявіў, што Ўзброеныя сілы Ўкраіны прарвалі першую лінію абароны на запароскім кірунку, на якую расейцы выдаткавалі больш за ўсё рэсурсаў.
- У канцы 2023 і на пачатку 2024 расейцы працягвалі масавыя абстрэлы ўкраінскіх гарадоў: Дніпры, Кіеве, Харкаве, Адэсе і іншых месцах дзясяткі людзей загінулі і атрымалі раненьні. Украінскі бок у адказ абстрэльваў расейскі Белгарад, некалькі чалавек загінулі. Узброеныя сілы дзьвюх краін рэгулярна атакуюць падкантрольныя адна адной тэрыторыі бесьпілётнікамі.
- Агулам з пачатку 2024 году ўкраінскія дроны пашкодзілі 18 расейскіх НПЗ, што прывяло да скарачэньня вытворчасьці амаль на 14%. У сакавіку былі атакаваныя такія абʼекты, як Разанскі НПЗ «Раснафты» і завод «Лукойла» ў Кстове ў Ніжагародскай вобласьці. Абодва ўваходзяць у топ-10 найбуйнейшых НПЗ Расеі і забясьпечваюць бэнзінам Маскву.
- 6 жніўня 2024 году Ўкраіна пачала апэрацыю ў Курскай вобласьці. 19 жніўня прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі заявіў, што пад кантролем Украіны ў ходзе апэрацыі Ўзброеных сілаў Украіны знаходзяцца 92 паселішчы Курскай вобласьці Расеі. Галоўнакамандуючы Ўзброенымі сіламі Ўкраіны Аляксандар Сырскі ўдакладніў, што такіх населеных пунктаў 82. Улады Ўкраіны заявілі пра стварэньне ваенных камэндатураў і арганізацыі перадачы «гуманітарнай дапамогі ў населеныя пункты, якія знаходзяцца пад кантролем Украіны». Экспэрты Інстытуту вывучэньня вайны, прааналізаваўшы заявы і відэаматэрыялы з геалякацыяй, выказалі меркаваньне, што Ўкраіна кантралюе ў Курскай вобласьці ня ўсю тэрыторыю ў заяўленых межах прасоўваньня.
- 16-18 жніўня ўкраінскія сілы падарвалі тры масты, якія мелі стратэгічнае значэньне для матэрыяльна-тэхнічнага забесьпячэньня групоўкі расейскіх войскаў ва Ўкраіне і вайсковай авіяцыі, якая базуецца ў Курскай вобласьці.
- Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.