«Параўноўвалі з фашысцкім канцлягерам». Апублікавалі расьсьледаваньне пра падзеі 9–13 жніўня 2020 у Савецкім РУУС Менску

Ілюстрацыйнае фота

Прававая ініцыятыва і Міжнародны камітэт па расьсьледаваньні катаваньняў у Беларусі апублікавалі грамадзкае расьсьледаваньне катаваньняў затрыманых у жніўні 2020 году ў Савецкім РУУС Менску.

«Дакумэнт зьяўляецца чарговым дакумэнтальным сьведчаньнем злачынстваў супраць чалавечнасьці, зьдзейсьненых рэжымам пасьля выбараў прэзыдэнта ў Рэспубліцы Беларусь у жніўні 2020 году, — адзначаецца ў прэамбуле. — Міжнародны камітэт расьсьледаваньня катаваньняў у Беларусі, выконваючы сваю задачу па выяўленьні ўсіх выпадкаў катаваньняў і жорсткага абыходжаньня, праводзіць грамадзкае расьсьледаваньне таго, што адбывалася ў Савецкім РУУС г. Менску з 9 па 13 жніўня 2020 году».

Прааналізаваўшы паказаньні сьведак і мэдычныя дакумэнты, а таксама візуальныя матэрыялы, экспэрты выявілі 22 супрацоўнікаў Савецкага РУУС, якія непасрэдна бралі ўдзел у катаваньнях.

У дакумэнце прыгадваецца, што 9–13 жніўня 2020 году ў Менску праходзілі масавыя затрыманьні, сілавікі «затрымлівалі як тых, хто ўдзельнічаў у акцыях пратэсту супраць фальсыфікацыі выбараў прэзыдэнта, так і выпадковых мінакоў. У мінакоў патрабавалі разблякаваць тэлефоны, правяралі іх асабістыя рэчы. Сілавікі са зброяй спынялі аўтамабілі і праводзілі праверкі, грамілі аўтамабілі, разьбіваючы дубінкамі шкло, нават бязь нейкіх прыкметаў супраціву з боку тых, хто праяжджаў».

Адзначаецца, што «пераважная большасьць затрыманьняў суправаджалася жорсткім біцьцём, абразамі, пагрозамі гвалту. Таксама ўжываліся электрашокеры і пярцовыя балёнчыкі».

Затрыманых развозілі па раённых упраўленьнях унутраных спраў сталіцы, у тым ліку і ў РУУС Савецкага раёну.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Толькі не чапайце маёй дыктатуры!». Чым палохае Лукашэнка, які прадчувае непазьбежнасьць хуткай адплаты

«Супрацоўнікі маглі прымаць наркатычныя прэпараты»

Людзі стаяць каля сьцяны ў Савецкім РУУС Менску, ліпень 2010

Непасрэдна на тэрыторыі Савецкага РУУС затрыманыя зазнавалі зьбіцьцё і абыходжаньне, якія аўтары справаздачы, грунтуючыся на міжнародных стандартах, вызначаюць як катаваньні.

«Умовы ўтрыманьня, па сьведчаньнях апытаных, былі настолькі жахлівыя і невыносныя, а стаўленьне да затрыманых жорсткае і бесчалавечнае, што некаторыя зь іх параўноўваюць РУУС з фашысцкім канцлягерам. З-за плота РУУС у гэтыя дні былі чуваць нямыя крыкі, маленьні пра дапамогу, плач змардаваных людзей», — гаворыцца ў расьсьледаваньні.

Адзначаецца таксама, што «многія пацярпелыя сьведчаць пра занадта ўзбуджаны стан сілавікоў, расшыраныя зрэнкі ў іх. Некаторыя апытаныя мяркуюць, што супрацоўнікі маглі прымаць наркатычныя прэпараты».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Беларускія пэнсіянэры расказалі свае гісторыі рэпрэсій і запатрабавалі паставіць адказных за гэты гвалт перад Міжнародным судом

«Любое падняцьце галавы суправаджалася ўдарам супрацоўніка АМАП або РУУС»


Вось некалькі фрагмэнтаў з паказаньняў тых, каго 9–13 жніўня 2020 затрымалі і даставілі ў Савецкі РУУС.

  • «Я спытаў, за што мяне затрымалі, што я зрабіў, пачаў патрабаваць адваката. Пасьля гэтага яны сказалі: „Ах, табе адваката!“ — і прайшліся дубінкай ад галавы да пят. Потым сказаў яшчэ раз, што без адваката нічога казаць ня буду і вам гэта дарма ня пройдзе. На што яны вельмі моцна раззлаваліся і зрабілі ўсё тое ж самае, толькі ў два разы даўжэй. Пасьля гэтага я зразумеў, што трэці раз ня вытрымаю, і сказаў, як мяне завуць, дзе я працую і гэтак далей».
  • «Адзін хлопец стаяў каля нас, і ў яго было нешта з рэбрамі, магчыма, зламаныя пры затрыманьні, і ён пачаў траціць прытомнасьць... Празь некаторы час яго забралі, але яны не дапамагалі яму ісьці, а проста цягнулі яго па зямлі».
  • «Прыйшлі зноў АМАПаўцы. Я так разумею, яны выспаліся пасьля ночы і пачалі нас зноў біць».
  • «Любое падняцьце галавы суправаджалася ўдарам супрацоўніка АМАП або РУУС».
  • «Калі ты прыбіраеш руку ці разгінаесься, то да цябе падыходзіў нейкі чалавек, відаць, гэта быў начальнік, і біў палкай, каму па нагах, каму па сьпіне».
  • «Там было вельмі шмат людзей, якіх ня проста білі, а калечылі. Іх цягалі па зямлі, за рукі, быццам целы мёртвых. Яны былі акрываўленыя. Адцягнуўшы ўбок, аблівалі вадой і зноў білі. Крыкі былі жудасныя!»
  • «Нас паставілі там на калені і прымусілі падпісваць (пратаколы. — РС). Я сказаў, што ня буду падпісваць тое, чаго я не чытаў. Мяне пачалі біць дубінкамі па сьпіне. Мне і так ужо балюча. Я кажу: „Можна, я прачытаю?“ Мяне пачынаюць біць. Пачынаюць біць па пальцах, па пальцах гэта жахліва, па фалангах атрымліваць, і з нагі: „Падпісвай“. І ў цябе выйсьця іншага няма. І мы падпісалі, некалькі подпісаў паставілі. Не чыталі нават».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Лібэральных балбатуноў у лягеры, здраднікаў — да сьценкі». Пра калектыўную адказнасьць «бэчэбэшнікаў», як яе разумее Лукашэнка

Ад Лукашэнкі да шараговых супрацоўнікаў РУУС

Як адзначаецца ў дакладзе, асноўнымі траўмамі ў затрыманых былі гематомы, сінякі, удары сьпіны і ніжняй часткі цела. Акрамя таго, «пацярпелыя атрымлівалі і больш цяжкія пашкоджаньні — пераломы, трэшчыны, чэрапна-мазгавыя траўмы, траўмы твару, вушных ракавін і іншыя».

У дакладзе пералічаныя як асобы, адказныя за катаваньні ў Савецкім РУУС і беспакаранасьць злачынцаў, пачынаючы з Аляксандра Лукашэнкі, тагачасных генпракурора Аляксандра Канюка і міністра ўнутраных спраў Юрыя Караева, гэтак і тыя, хто непасрэдна біў і катаваў людзей.

Сярод апошніх — начальнік Савецкага РУУС Сяргей Каліньнік, ягоны намесьнік Цімур Кесель, супрацоўнікі РУУС Ігар Качук, Валянцін Шыманскі, Марына Сафонава, Павал Міцкевіч, Дзьмітры Белы, Анатоль Бойка ды іншыя.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Суд ААН прыгаварыў экс-кіраўнікоў спэцслужбаў Мілошавіча да 15 гадоў зьняволеньня

Бяз тэрмінаў даўнасьці

Аўтары расьсьледаваньня нагадваюць, што «з пункту гледжаньня міжнароднага крымінальнага права выкладзеныя акты гвалту кваліфікуюцца згодна з падпунктамі e), f) і k) пункту 1 артыкулу 7 Рымскага статуту Міжнароднага крымінальнага суду як злачынствы супраць чалавечнасьці ў выглядзе зьняволеньня ў турму ці іншага жорсткага пазбаўленьня фізычнай свабоды ў парушэньне асноватворных нормаў міжнароднага права, а таксама ў выглядзе катаваньняў і іншых бесчалавечных дзеяньняў аналягічнага характару, якія заключаюцца ў наўмысным прычыненьні моцных пакутаў ці сур’ёзных цялесных пашкоджаньняў ці сур’ёзнай шкоды псыхічнаму ці фізычнаму здароўю».

Таксама адзначаецца, што, «паколькі злачынства, прадугледжанае арт. 128 Крымінальнага кодэксу Рэспублікі Беларусь, адносіцца да найбольш небясьпечных злачынстваў супраць міру і бясьпекі чалавецтва, арт. 85 КК вызначае, што асобы, вінаватыя ў зьдзяйсьненьні гэтага злачынства вызваленьню ад крымінальнай адказнасьці ці пакараньня ў сувязі з заканчэньнем тэрмінаў даўнасьці не падлягаюць».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Беларускія арганізацыі за мяжой ладзяць «Тыдзень супраць катаваньняў». Расклад
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Аўтар дакладу ААН — сваякам беларускіх палітвязьняў: «Ня трэба здавацца, адказнасьць за парушэньні правоў чалавека наступіць»