Больш як палова беларусаў падтрымлівае інтэграцыю з Расеяй, — апытаньне

Беларуска-расейская мяжа. Ілюстрацыйнае фота.

20 чэрвеня сацыёляг, прафэсар Андрэй Вардамацкі абнародаваў у Варшаве дадзеныя апошняга, травеньскага 2023 году, апытаньня Беларускай аналітычнай майстэрні (БАМ). У ім праз тэлефон паўдзельнічалі 1000 жыхароў Беларусі.

Паводле сацыёлягаў БАМ, выбарка рэпрэзэнтатыўная паводле полу, узросту і тыпу населенага пункту.

Майстэрня шмат гадоў задае рэспандэнтам пытаньне «У якім саюзе, на ваш погляд, было б лепш жыць народу Беларусі — у Эўрапейскім Зьвязе ці ў саюзе з Расеяй?».

Дадзеныя адказаў з сакавіка 2020 году па травень 2023 году — на наступным графіку.


Пасьля пачатку поўнамаштабнай вайны Расеі з Украінай зафіксаваны прыкметны рост долі прыхільнікаў інтэграцыі з Расеяй: у апошніх апытаньнях гэтая доля перавышала 50%.

Адпаведна, з сакавіка 2022 году па травень 2023 году назіралася зьніжэньне долі прыхільнікаў эўрапейскага выбару Беларусі.

Доля прыхільнікаў інтэграцыі з Расеяй павялічылася на 7 адсоткавых пунктаў, на столькі ж паменшала доля прыхільнікаў эўраінтэграцыі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Як за год зьмянілася стаўленьне беларусаў да вайны. Тлумачыць сацыёляг Вардамацкі


Дасьледчыкі БАМ адзначаюць, што ў 2018 годзе ў адказах на тое ж пытаньне выбар на карысьць РФ стабільна рабілі прыкладна 60% рэспандэнтаў (22% былі за далучэньне да ЭЗ).

У 2019 годзе падтрымка інтэграцыі з РФ на працягу году зьнізілася з 58% да 40%, пры гэтым падтрымка эўраінтэграцыі за той жа пэрыяд вырасла з 25% да 32%.

Формы адносінаў з Расеяй, якім рэспандэнты аддавалі перавагу, адлюстраваныя ў наступным графіку.


Прыкладна кожны пяты апытаны наагул супраць аб’яднаньня Беларусі з Расеяй. Але ў 4 разы меншая доля тых, хто выступае за далучэньне Беларусі да РФ у якасьці субʼекта фэдэрацыі. Гэтая доля прыхільнікаў растварэньня Беларусі ў Расеі — 5% — стабільная кожны год і не залежыць ад фармулёвак пытаньняў. 60% апытаных выказаліся за больш ці менш шчыльныя формы інтэграцыі Беларусі з Расеяй, якія, аднак, не прадугледжваюць поўнага пазбаўленьня Беларусі сувэрэнітэту.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Сьвядомыя», «савецкія», «абыякавыя». Раскол у беларускім грамадзтве будзе паглыбляцца — дадзеныя сацыялягічнага апытаньня


Сацыёлягі паспрабавалі клясыфікаваць рэспандэнтаў паводле іх стаўленьня як да беларускай улады, так і да Расеі і стасункаў зь ёй, якім яны аддаюць перавагу. Вынік клясыфікацыі — у наступным графіку.


Амаль палова выбаркі — «інэртныя», астатнія дзеляцца прыкладна ў прапорцыі 3:2 на карысьць прыхільнікаў улады і Расеі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Як беларусізаваць Беларусь? Прапановы Цімафея Акудовіча


Падчас травеньскага 2023 году апытаньня сацыёлягі БАМ высьвятлялі, каго, на думку апытаных, можна лічыць беларусам.


Найбольшую колькасьць набралі варыянты адказаў «любоў да Беларусі» і «пражываньне ў Беларусі». Аднак на трэцім месцы — адказ, які зьвязвае азначэньне з ангажаванасьцю ў беларускую культуру. Варыянт адказу «Той, хто гаворыць на беларускай мове» выбралі 3,3% апытаных.