Аляксандар Лукашэнка заклікаў партнэраў па Арганізацыі Дамовы аб калектыўнай бясьпецы (АДКБ) заставацца разам, нягледзячы на неэфэктыўнасьць ва ўрэгуляваньні канфліктаў і складаную сытуацыю для Расеі, якая «зьяўляецца стрыжнем» арганізацыі.
«Ня трэба сьпяшацца, рабіць горш адзін аднаму і імкнуцца неяк адысьці ўбок адзін ад аднаго. Трэба трымацца разам, асабліва ў гэты няпросты час. І справа тут ня ў тым, што асноўны стрыжань нашай арганізацыі — Расея — у складанай сытуацыі. Расея — гэта частка, гэта элемэнт усяго таго, што адбываецца ў сьвеце», — працытавала Лукашэнку дзяржаўнае інфармацыйнае агенцтва БелТА зь ягонай прамовы перад міністрамі замежных спраў краін АДКБ.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Армэнія заявіла аб гатоўнасьці прызнаць Нагорны Карабах тэрыторыяй Азэрбайджану і выйсьці з АДКБЛукашэнка лічыць, што «амэрыканцы раскалолі Эўропу», а цяпер «эўрапейцы» папракаюць яго стратай сувэрэнітэту.
«І яны, эўрапейцы, папракаюць нас, і мяне ў тым ліку, што мы сувэрэнітэт страчваем і гэтак далей. Ды Госпад з вамі! Вы даўно яго ўжо страцілі. Як можна ацаніць і як можна ставіцца да таго, што яны адмовіліся ад танных энэрганосьбітаў з Расеі і бяруць у 3-5 разоў даражэй? І яны яшчэ папракаюць кагосьці ў страце сувэрэнітэту! Якога сувэрэнітэту? У глябальным сьвеце ідзе жорсткая бойка, бітва. Невядома, чым закончыцца», — сказаў Лукашэнка.
Як паведаміла БелТА, Лукашэнка заклікаў выпрацаваць агульны эканамічны плян для АДКБ.
«Нам варта разумець, што ціснуць нас будуць. Нават калі канфлікт ва Ўкраіне завершыцца, ад нас усё роўна не адчэпяцца. Нам варта выпрацаваць агульны, назаву яго, плян нашых дзеяньняў, найперш у эканоміцы. Гэты плян павінен усіх нас аб’яднаць, згуртаваць», — сказаў ён.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Пашыньян: Армэнія не саюзьніца Расеі ў вайне з Украінай