Урад Малдовы зьвярнуўся ў суд з патрабаваньнем праверыць дзейнасьць партыі ў лістападзе 2022 году. На думку ўраду, партыя арганізоўвала масавыя пратэставыя дэманстрацыі для дэстабілізацыі сытуацыі ў краіне, прычым плаціла за ўдзел у іх.
З дня прыняцьця рашэньня партыя лічыцца расфармаванай. Ніводзін зь яе дакумэнтаў больш ня будзе мець юрыдычнай сілы.
Старшыня Канстытуцыйнага суду Мікалае Рошка заявіў, што Міністэрства юстыцыі Малдовы створыць камісію для ліквідацыі партыі і выключэньня яе з рэестру юрыдычных асоб.
Пры гэтым дэпутаты ад партыі «Шор» захаваюць свае мандаты ў парлямэнце, але будуць дзейнічаць ужо як незалежныя абраньнікі.
На думку ўраду, актыўнасьць партыі падпадае пад артыкул 41 Канстытуцыі краіны, згодна зь якім партыі і грамадзка-палітычныя аб’яднаньні, чыя дзейнасьць накіраваная «супраць палітычнага плюралізму, прынцыпаў прававой дзяржавы, сувэрэнітэту, незалежнасьці і тэрытарыяльнай цэласнасьці», зьяўляюцца неканстытуцыйнымі.
Юрыдычны прадстаўнік ураду заявіў, што падчас працэсу прыведзена дастаткова доказаў таго, што «Шор» займалася арганізацыяй масавых пратэстаў з подкупам удзельнікаў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У сталіцы Малдовы адбыўся шматтысячны мітынг у падтрымку эўраінтэграцыіПрадстаўнікі партыі «Шор» настойвалі, што доказы нічога не пацьвярджаюць, а абвінавачаньні назвалі палітычна матываванымі. Пасьля абвяшчэньня вэрдыкту суду намесьніца кіраўніка «Шора» Марына Таўбер назвала рашэньне Канстытуцыйнага суду «ганебным і беспрэцэдэнтным».
«Мы першая краіна ў Эўропе, дзе распушчана апазыцыйная палітычная партыя. Мы ня можам параўноўваць сябе з экстрэмісцкімі дзеяньнямі ў Турэччыне і Баўгарыі, якія нам тут прывялі ў прыклад», — сказала яна.
Партыя «Шор» была заснавана малдаўскім алігархам і палітыкам Іланам Шорам у 2016 годзе на базе грамадзка-палітычнага руху «Раўнапраўе». Сучасны ўрад Малдовы лічыць яе прарасейскай, хоць сам Шор гэта адмаўляе.
У 2017 годзе ў Малдове Шора асудзілі на сем з паловай гадоў пазбаўленьня волі па справе аб крадзяжы мільярда даляраў з трох малдаўскіх банкаў. Але Шор змог выехаць у Ізраіль. 13 красавіка гэтага году Апэляцыйная палата Кішынёва завочна прысудзіла Ілану Шору 15 гадоў пазбаўленьня волі. Шор заявіў, што гэта «помста за пратэсты», якія яго партыя праводзіла ў Кішынёве.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Малдове ў надзвычайных умовах бясьпекі праходзіць саміт Эўрапейскай палітычнай супольнасьці. Безь Беларусі і Расеі