Літва
- Вільня
20 чэрвеня ў бары Būsi trečias у 19:00 пройдзе Квіз «PRAVO NAPRAVO», прысьвечаны праву на абарону ад катаваньняў.
На 21 чэрвеня з 10:00 да 18:00 заплянаваны Дзень адчыненых дзьвярэй і гукавая інсталяцыя ў Літоўскім музэі акупацыі і барацьбы за свабоду.
Таксама ў гэты дзень у клубе Kablys, Kauno g. 5 а 20:00 можна паглядзець пэрфоманс «375 0908 2334. The body you are calling is currently not available», які стварылі ў знак пратэсту супраць рэпрэсій, дыктатуры, страху і стрэсу.
«Гэта свайго роду запрашэньне адчуць сябе затрыманым у Беларусі, фізычна перажыць бяспраўе, празь якое прайшлі больш за 40 тысяч беларусаў і працягваюць праходзіць штодня», — паведамляюць аўтары пэрфомансу.
23 чэрвеня а 19:00 у кінатэатры Pasaka пройдуць кінапрагляд трылёгіі «Беларусь» і сустрэча з рэжысэрам часткі «Што мы будзем рабіць заўтра?» Максімам Швэдам.
26 чэрвеня адбудзецца інтэрактыўная лекцыя аб гісторыі катаваньняў на тэрыторыі Беларусі, арганізаваная «Вясной».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: На волю выйшаў палітвязень Арцём Анішчук, які заяўляў пра катаваньні ў калёнііПольшча
- Варшава
На 20 чэрвеня ў Музэі вольнай Беларусі на 19:00 заплянаваны паказ п’есы «Мора Хрысьціны» пра падзеі 9-14 жніўня ў беларускіх РАУСах. 23 чэрвеня ў той жа час пройдзе кінапрагляд дакумэнтальнага фільма «Беларускі працэс».
«Гэта гісторыі трох людзей, якія сталі ахвярамі катаваньняў у беларускіх турмах падчас задушэньня дэмакратычнай рэвалюцыі, і цяпер імкнуцца пераадолець траўматычны досьвед, а таксама дабіваюцца суду для сваіх катаў», — адзначаюць аўтары фільма.
А 24 і 25 чэрвеня ў 18:00 можна пабыць на спэктаклі Свабоднага тэатру «Пасьлядзяціства» — гэта гісторыі беларускіх і ўкраінскіх дзяцей, якія перажылі вымушаную эміграцыю (некаторыя нават двайную) і ўцяклі ад вайны разам са сваімі бацькамі.
- Познань
22 чэрвеня ў бары «MY» а 18:00 пройдзе майстар-кляс «Праваабарона ў дзеяньні».
«Мы раскажам пра асноўныя выклікі для праваабаронцаў у сфэры палітычнага перасьледу, а таксама пагаворым пра мэханізмы іх вырашэньня. Акрамя гэтага, мы разам з вамі ў гэты ж дзень станем часткай рашэньня праблем. Прыходзьце па новыя веды і практыку!», — заяўляюць арганізатары ад ініцыятывы Dissidentby.
Грузія
- Тбілісі
21 чэрвеня па адрасе Бэтлемі, 23 у 19.00 можна будзе паўдзельнічаць у квізе «Pravo napravo», прысьвечаным праву на абарону ад катаваньняў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ціханоўская: З 2020 году рэпрэсіі зьведалі ня менш як 45 сьвятароўАнлайн
19 чэрвеня — прэзэнтацыя ацэнкі Беларускім Хэльсінскім камітэтам стану права на свабоду ад катаваньняў у 2022 годзе ў межах нацыянальнага індэксу правоў чалавека.
Прававая ініцыятыва і Міжнародны камітэт расьсьледаваньня катаваньняў у Беларусі 20 чэрвеня правядуць прэзэнтацыю расьсьледаваньня аб катаваньнях у Савецкім РУУС Менску, якія адбываліся з 9 па 13 жніўня 2020 года.
«Каб скласьці храналёгію падзеяў, мы вывучылі 568 старонак апавяданьняў людзей і 137 старонак дакумэнтаў і мэдыцынскіх даведак. Але галоўнае, мы правялі апазнаньне злачынцаў. У канцы справаздачы прыводзіцца сьпіс фатаздымкаў і імёнаў сілавікоў, якія ўдзельнічалі ў катаваньнях у гэтыя дні. Наша галоўная задача — аднавіць падзеі жніўня 2020 году, захаваць усе сьведчаньні злачынстваў і імёны злачынцаў. Паказаць вінаватым, што мы ведаем, што яны зрабілі. Даць зразумець рэжыму, што мы нічога не забудзем і не прабачым».
25 чэрвеня а 12.00 (Менск/Вільня) пройдзе онлайн-лекцыя траўматэрапэўткі Імцы Хансэн «як падтрымаць людзей з досьведам катаваньняў»:
«Нам трэба павысіць нашу кампэтэнтнасьць у падтрымцы людзей, якія перажылі траўму, на індывідуальным узроўні. Лекцыя дасьць уяўленьне аб тым, як мы можам стаць больш дасьведчанымі і спагаднымі ў адносінах да людзей, якія перажылі катаваньні».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Хроніка перасьледу: затрымалі брата Алеся Чаркашына, які загінуў ва Ўкраіне ў 2015-ым; на беларуска-расейскай мяжы затрымалі бабруйчаніна