«Зеркало»: Затрыманы ў Івацэвічах п’яны расеец — кантрактнік расейскага войска, у Беларусі ён мог рыхтавацца да адпраўкі ва Ўкраіну

Затрыманы ў Івацэвічах расеец Аляксандар Быкаў (першы зьлева). 17 чэрвеня 2023 году. Фота: «Ганцавіцкі час».

Адзін з затрыманых у Івацэвічах за кіраваньне аўтамабілем у нецьвярозым стане расейцаў можа быць вайскоўцам расейскага войска.

Партал «Зеркало» адшукаў у сацыяльных сетках вельмі падобнага чалавека з такім жа імем, імем па бацьку і прозьвішчам, якімі назваўся мужчына, што трапіў на відэа. На яго старонцы значыцца, што ў красавіку 2023 году ён заключыў кантракт з Міністэрствам абароны РФ тэрмінам на два гады. Падразьдзяленьне, у якім ён служыць, можа знаходзіцца на тэрыторыі Беларусі.

Адзін з расейцаў, затрыманых суботнім вечарам каля аднаго з гандлёвых цэнтраў Івацэвічаў, прадставіўся Аляксандрам Леанідавічам Быкавым. Журналісты знайшлі ў сацсетках вонкава падобнага чалавека з такім імем, прозьвішчам і імем па бацьку.

Яму 41 год, ён з Санкт-Пецярбурга (дарэчы, аўтамабіль затрыманых, мяркуючы па нумарах, зарэгістраваны ў Ленінградскай вобласці).

28 красавіка 2023 года Аляксандр Быкаў падпісаў кантракт на два гады з расейскім Міністэрствам абароны.

Выпіска з загаду аб падпісаньні кантракту паміж Аляксандрам Быкавым і Міністэрствам абароны Расеі.

Пасьля гэтага радавога запасу Быкава залічылі стралком 283-га полк 144-й гвардзейскай мотастралковай дывізіі. Гэта злучэньне ўваходзіць у склад 20-й гвардзейскай агульнавайсковай арміі Заходняй вайсковай акругі. 20-я гвардзейская агульнавайсковая армія ўваходзіць у склад рэгіянальнай беларуска-расейскай групоўкі войскаў.

Верагодна, піша «Зкркало», падразьдзяленьне Аляксандра Быкава знаходзіцца непадалёк ад Івацэвіч, на Обуз-Лясноўскім агульнавайсковым палігоне. Там пасьля пачатку расейскага ўварваньня ва Ўкраіну навучаюцца часткі расейскага кампанэнту рэгіянальнай групоўкі.

Украіна мяркуе, што пасьля навучаньня на тэрыторыі Беларусі расейскія падразьдзяленьні вяртаюцца ў Расею і адтуль адпраўляюцца на вайну.

  • Сілавікі Беларусі паведамілі, што вечарам 17 чэрвеня ў Івацэвічах затрымалі дваіх нецьвярозых расейцаў, якія ехалі на аўто з літарай Z на шкле. Машыну спынілі супрацоўнікі ДАІ. Расейцы не рэагавалі на папярэджаньні.

Вайна Расеі супраць Украіны

  • А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе па просьбе груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах абласьцей. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
  • Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам.
  • Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб'екты, расейцы бамбяць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
  • 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фотаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяр масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
  • З 24 лютага Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый у Харкаўскай вобласьці.
  • Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якія Расея не кантралявала.
  • 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
  • У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
  • 3 верасьня ўкраінскі брыгадны генэрал Аляксандар Тарнаўскі заявіў, што Ўзброеныя сілы Ўкраіны прарвалі першую лінію абароны на запароскім кірунку, на якую расейцы выдаткавалі больш за ўсё рэсурсаў.
  • У канцы 2023 і на пачатку 2024 расейцы працягвалі масавыя абстрэлы ўкраінскіх гарадоў: Дніпры, Кіеве, Харкаве, Адэсе і іншых месцах дзясяткі людзей загінулі і атрымалі раненьні. Украінскі бок у адказ абстрэльваў расейскі Белгарад, некалькі чалавек загінулі. Узброеныя сілы дзьвюх краін рэгулярна атакуюць падкантрольныя адна адной тэрыторыі бесьпілётнікамі.
  • Агулам з пачатку 2024 году ўкраінскія дроны пашкодзілі 18 расейскіх НПЗ, што прывяло да скарачэньня вытворчасьці амаль на 14%. У сакавіку былі атакаваныя такія абʼекты, як Разанскі НПЗ «Раснафты» і завод «Лукойла» ў Кстове ў Ніжагародскай вобласьці. Абодва ўваходзяць у топ-10 найбуйнейшых НПЗ Расеі і забясьпечваюць бэнзінам Маскву.
  • 6 жніўня 2024 году Ўкраіна пачала апэрацыю ў Курскай вобласьці. 19 жніўня прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі заявіў, што пад кантролем Украіны ў ходзе апэрацыі Ўзброеных сілаў Украіны знаходзяцца 92 паселішчы Курскай вобласьці Расеі. Галоўнакамандуючы Ўзброенымі сіламі Ўкраіны Аляксандар Сырскі ўдакладніў, што такіх населеных пунктаў 82. Улады Ўкраіны заявілі пра стварэньне ваенных камэндатураў і арганізацыі перадачы «гуманітарнай дапамогі ў населеныя пункты, якія знаходзяцца пад кантролем Украіны». Экспэрты Інстытуту вывучэньня вайны, прааналізаваўшы заявы і відэаматэрыялы з геалякацыяй, выказалі меркаваньне, што Ўкраіна кантралюе ў Курскай вобласьці ня ўсю тэрыторыю ў заяўленых межах прасоўваньня.
  • 16-18 жніўня ўкраінскія сілы падарвалі тры масты, якія мелі стратэгічнае значэньне для матэрыяльна-тэхнічнага забесьпячэньня групоўкі расейскіх войскаў ва Ўкраіне і вайсковай авіяцыі, якая базуецца ў Курскай вобласьці.
  • 17 лістапада Джо Байдэн зьняў абмежаваньні на нанясеньне ўдараў амэрыканскай дальнабойнай зброяй па тэрыторыі Расеі.
  • Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.