Навіны палітвязьняў: анархісту Францкевічу зноў працягнулі тэрмін у ШЫЗА, дзе ён ужо 3 месяцы

Ілюстрацыйнае фота

Паводле стану на 18 чэрвеня, беларуская праваабарончая супольнасьць прызнала палітвязьнямі 1492 чалавекі. Паводле іншых падлікаў, колькасьць палітвязьняў можа быць большай.

Палітвязьня Францкевіча працягваюць утрымліваць у ШЫЗА

Аляксандру Францкевічу зноў працягнулі тэрмін утрыманьня ў штрафным ізалятары. Яго ўтрымліваюць там амаль тры месяцы.

Аляксандар — актывіст анархісцкага руху і фігурант справы «Рэвалюцыйнага дзеяньня», асуджаны да 16 гадоў і 9 месяцаў калёніі ва ўмовах строгага рэжыму.

Адбываць тэрмін палітвязьня накіравалі ў сярэдзіне сакавіка ў івацэвіцкую калёнію № 5. Раней праваабаронцы паведамлялі, што адразу з «карантына» 28 сакавіка яго зьмясьцілі ў штрафны ізалятар, дзе бесьперапынна ўтрымліваюць да гэтага часу.

Цяпер стала вядома, што Аляксандар ня выйшаў з ШЫЗА 15 чэрвеня пасьля чарговага спагнаньня, бо яму зноў дадалі 10 дзён. Прычыны пакуль невядомыя.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Навіны палітвязьняў: актывіста анархісцкага руху Францкевіча зноў накіравалі ў ШЫЗА


Палітвязьні Эдуард і Віктар Бабарыкі роўна тры гады за кратамі

Роўна тры гады таму былі затрыманыя Віктар і Эдуард Бабарыкі. 18 чэрвеня 2020 году бацька і сын накіроўваліся ў ЦВК для здачы сабраных подпісаў. Затрыманьне праводзіў Дэпартамэнт фінансавых расьсьледаваньняў Камітэту дзяржкантролю Беларусі. Цэлы дзень да затрыманых не пускалі адвакатаў: у будынку ДФР «праводзіліся вучэньні».

Пазьней Віктару Бабарыку прысудзілі 14 гадоў калёніі, а Эдуарда толькі ў гэтым траўні пачалі судзіць.

У канцы красавіка зьявілася інфармацыя, што Віктара Бабарыку шпіталізавалі ў бальніцу — далейшае месцазнаходжаньне палітвязьня дагэтуль не вядомае.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Улады адчуваюць, што ён небясьпечны для іх». Нобэлеўская ляўрэатка і валянтэрка штабу — пра Віктара Бабарыку, які за кратамі тры гады
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Віктара Бабарыкі не было на судовым паседжаньні па справе сына, нягледзячы на хадайніцтва
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Зьнікаюць у ШЫЗА, пасьля этапу. Пра каго з палітвязьняў даўно няма інфармацыі