Выкладчыку катэхезы ў менскім катэдральным касьцёле Ўладзіславу Беладзеду дадалі яшчэ 15 сутак арышту

Архікатэдральны касьцёл Найсьвяцейшай Панны Марыі, Менск

Выкладчык катэхезы ў архікатэдральным касьцёле Найсьвяцейшай Панны Марыі Ўладзіслаў Беладзед ня выйшаў на волю пасьля адміністрацыйнага арышту — яму дадалі яшчэ 15 сутак, паведамляе «Хрысьціянская візія».

16 чэрвеня стала вядома, што Ўладзіслава Беладзеда не адпусьцілі пасьля 15-дзённага арышту — яму прысудзілі новы тэрмін, таксама на 15 сутак. Суд адбыўся ў Менску 16 чэрвеня.

Сілавікі затрымалі Ўладзіслава 31 траўня ў Менску. Днём 1 чэрвеня ў набліжаным да ГУБАЗіКу тэлеграм-канале зьявілася «пакаяльнае» відэа зь ім.

«Заклікаў у камэнтарах да гвалту, міжнацыянальнай варожасьці, забойства супрацоўнікаў сілавых структур і іх сем’яў», — казаў у роліку Беладзед.

  • Уладзіслаў Беладзед — выпускнік Інстытуту тэалёгіі БДУ, пасьля заканчэньня якога паступіў у рымска-каталіцкую сэмінарыю і праходзіў практыку ў Архікатэдральным саборы. Пасьля яго арышту курыя Менска-Магілёўскай архідыяцэзіі выступіла з заявай аб тым, што Ўладзіслаў быў тры гады таму, у лютым 2020 году, адлічаны з сэмінарыі. Таксама курыя паведаміла, што ініцыявала кананічнае расьсьледаваньне ў сувязі са здарэньнем.
  • Уладзіслаў, як сьцьвярджаюць яго сваякі, мае сур’ёзныя праблемы са здароўем. Пасьля затрыманьня, паводле «Хрысьціянскай візіі», ён падвяргаўся катаваньням, жорсткаму абыходжаньню, бесчалавечным і прыніжаючым чалавечую годнасьць адносінам.
  • На судзе сваякі Ўладзіслава Беладзеда пабачылі ў яго сьляды пабояў.