Заява прагучала на прэзэнтацыі сумеснай з брытанскім фондам «Справядлівасьць для журналістаў» справаздачы аб перасьледзе беларускіх мэдыяў.
Паводле Бастунца, «колькасна маштабы рэпрэсіяў за апошнія два гады супадаюць зь пікавымі лічбамі 2020-га».
Ён адзначыў, што у 2020 годзе было зафіксавана каля 1,5 тысячы выпадкаў рэпрэсіяў супраць журналістаў, столькі ж налічваецца «за апошнія два гады». Ён зазначыў, што «за апошні год агульная колькасьць атак на журналістаў зьнізілася, але гэта зьвязана з так званай „туркмэнізацыяй“ краіны».
«Проста стала менш людзей, якіх можна затрымліваць, бо кагосьці ўжо асудзілі, а нехта выехаў з краіны», — удакладніў Бастунец.
«Найбольшая праблема — гэта крымінальны перасьлед нашых калег, — дадаў ён. — Цяпер за кратамі 37 працаўнікоў мэдыя, 33 зь іх — па крымінальных справах».
Бастунец зьвярнуў увагу, што ў рэпрэсіях супраць СМІ ўлады «шырока выкарыстоўваюць заканадаўства аб барацьбе з экстрэмізмам».
«Паводле зьвестак „Рэпартэраў бязь межаў“, Беларусь займае пятае месца ў сьвеце колькасьцю зьняволеных журналістаў і чацьвёртае — колькасьцю зьняволеных журналістак», — падкрэсьліў Бастунец.
На ягоную думку, «сытуацыя вельмі складаная», тым ня менш «беларускі мэдыясэктар засьведчыў вялікую ўстойлівасьць і здольнасьць да супраціву».
Узроўнем свабоды прэсы Беларусь зраўнялася «з такімі краінамі, як Аўганістан і Азэрбайджан», заявіла на той жа прэзэнтацыі дырэктарка брытанскага фонду «Справядлівасьць для журналістаў» Марыя Арджанікідзэ. Яна адзначыла, што пасьля прэзыдэнцкіх выбараў «улады з энтузіязмам працягнулі практыку перасьледу мэдыя, апрабаваную падчас пандэміі».
«Заканадаўча зацьверджаныя папраўкі, якія абмяжоўваюць магчымасьці журналістаў расказваць аб тым, што адбываецца ў краіне. Апазыцыйныя сайты і онлайн-выданьні блякаваліся, пад забарону трапілі іх старонкі ў сацыяльных сетках. Журналістаў сталі перасьледаваць у крымінальным парадку», — падкрэсьліла дырэктарка фонду.
У выніку, дадала яна, многія супрацоўнікі СМІ асуджаныя, «некаторыя завочна», «звычайнае перасыланьне інфармацыі можа трактавацца як экстрэмісцкая дзейнасьць», «любыя непажаданыя артыкулы называюць фэйкавымі», журналістаў перасьледуюць за «выказваньні супраць беларускай арміі», абвінавачаньні супраць іх падводзяць пад крымінальныя артыкулы аб «апраўданьні нацызму ці спробы дзяржаўнага перавароту».
«На постсавецкай прасторы ёсьць эталённая дыктатура — гэта Туркмэністан. Беларусь, як і Расея, імкнецца яе пераймаць», — заявіла Арджанікідзэ.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Пракуратура патлумачыла, чаму прызнала лягатып і інтэрнэт-рэсурсы БАЖ экстрэмісцкімі ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Маці піша ў асноўным пра тое, што чытае, і дае жыцьцёвыя парады», — дачка Марыны Золатавай