Каманда зь пяці дасьледчыкаў прадставіла чарговы даклад пра тэндэнцыі разьвіцьця Беларусі за сакавік-травень 2023 году. «Беларускі трэкер пераменаў» — маніторынгавы праект беларускіх дасьледчыкаў, якія раз у квартал прадстаўляюць свой аналіз падзеяў у Беларусі і вакол яе.
У межах апошняй справаздачы апублікаваныя вынікі чарговага апытаньня грамадзкай думкі, праведзенага ў Беларусі сацыёлягам Філіпам Біканавым. Апытаньне праводзілася онлайн сярод інтэрнэтызаваных гарадзкіх жыхароў Беларусі.
Асноўныя тэндэнцыі ў беларускай грамадзкай думцы, якія выявіла апытаньне:
- Рост долі тых, хто давярае кіроўнаму рэжыму, спыніўся. З сакавіка 2022 году па сакавік 2023 году сумарны аб’ём групаў «Зацятыя прыхільнікі рэжыму» і «Схільныя давяраць рэжыму» павялічыўся з 58% да 66%. За мінулы квартал сумарны абʼём гэтых групаў павялічыўся на паўадсотка.
- Тлумачэньне аўтараў : «Паказчыкі зафіксаваліся на значна больш высокім узроўні, чым год таму, — на наш погляд, гэта можна растлумачыць адсутнасьцю рэзкага пагаршэньня жыцьця, якога многія, верагодна, чакалі, а таксама ўспрыманым вобразам Беларусі як „ціхай гавані“, у якой няма вайны». ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Нежаданьне ваяваць, запыт на стабільнасьць, некаторы рост даверу да ўлады, — вынікі апытаньня «Беларускага трэкеру пераменаў»
- Паміж групамі «зацятых прыхільнікаў рэжыму» і «зацятых праціўнікаў рэжыму» захоўваецца высокая напружанасьць, яны ўспрымаюць адна адну праз прызму палітычнага супрацьстаяньня. «Абодва бакі знаходзяцца ў інфармацыйных „бурбалках“, што перашкаджае ўзаемадзеяньню і прыводзіць да ўмацаваньня існуючых установак у адносінах да сябе і прадстаўнікоў іншай групы», — пішуць аўтары дасьледаваньня.
- У найбольшай ізаляцыі знаходзяцца «зацятыя праціўнікі рэжыму». Гэтая група адчувае ўсё меншую сувязь зь беларускай дзяржавай, яна радзей, чым іншыя, ідэнтыфікуе сябе як грамадзян Беларусі.
- Ізаляцыя пагаршаецца тым, што нават у меншай ступені ўключаныя ў сыстэму групы людзей (напрыклад, «схільныя не давяраць рэжыму») адчуваюць пэўную дыстанцыю ў адносінах да прадстаўнікоў групы «зацятых праціўнікаў рэжыму».
- Падтрымка Расеі ў вайне, як і раней, выразна асацыяваная з даверам да рэжыму, у той час як падтрымка Ўкраіны — зь недаверам да яго. У цэлым канфігурацыя падтрымкі таго ці іншага боку ў грамадзтве засталася нязьменнай.
- Бязь зьменаў застаўся і антываенны кансэнсус — хоць назіраецца невялікі рост падтрымкі ўводу беларускіх войскаў у вайну на баку Расеі. Пераважная большасьць рэспандэнтаў супраць удзелу беларускай арміі на любым з бакоў вайны.
- Пераважная большасьць апытаных — супраць разьмяшчэньня ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. Нават сярод «зацятых прыхільнікаў рэжыму» менш за палову (46%) вітаюць разьмяшчэньне ў краіне расейскай ТЯЗ. У сэгмэнце «схільных давяраць рэжыму» такую пазыцыю займаюць толькі 32%. Сярод «схільных не давяраць рэжыму» і яго зацятых праціўнікаў віталі ўвод у Беларусь ядзернай зброі РФ 12% і 3% адпаведна.