Каго з памерлых будуць судзіць і навошта? Пра гэта ў эфіры Свабоды Premium разважаюць гісторык Аляксей Ластоўскі і пісьменьнік Сяргей Дубавец.
Цалкам інтэрвію глядзіце ў відэафармаце на Youtube.
«Пытаньне ня ў тым, навошта, а ў тых, хто ажыцьцяўляе гэтыя суды. Яны знаходзяцца на хвалі пакараньня. У Беларусі карная сыстэма, там толькі 0,1% апраўдальных прысудаў. Гэта чыста татальная карная сыстэма, якая накіраваная на зьнішчэньне, на тое, каб пасадзіць, расстраляць, прынізіць. Яны зараз дадалі памерлых, бо ім мала ахвяраў. І думаю, што катэгорыі павялічацца. Пачнуць судзіць жывёлаў і коцікаў з Фэйсбуку. Гэта ўсё ідзе да поўнага лягічнага абсурду і завяршэньня сыстэмы», — лічыць Сяргей Дубавец.
Паводле гісторыка Аляксея Ластоўскага, канцэпцыя генацыду беларускага народу выкарыстоўваецца рэжымам для ідэалягічнага апраўданьня барацьбы з палітычнымі праціўнікамі. Улады намагаюцца максымальна дыскрэдытаваць апазыцыю і прадставіць яе нашчадкамі калябарантаў ІІ сусьветнай вайны.
«Таксама гэты закон выкарыстоўваецца для дыскрэдытацыі іншых краін, якія выступаюць у зьнешнепалітычнай канфрантацыі з рэжымам Лукашэнкі. І яны таксама абвяшчаюцца нашчадкамі калябарантаў і злачынцаў ІІ сусьветнай вайны. Ствараецца карцінка, дзе Лукашэнка змагаецца за інтарэсы беларускага народу, а ўсе, хто супраць, — нацысты», — кажа гісторык.
Новаўвядзеньне ў Крымінальна-працэсуальны кодэкс Беларусі аб крымінальным перасьледзе памерлых спатрэбілася ўладам у сувязі са справай аб генацыдзе беларускага народу ў гады Другой сусьветнай вайны, якая расьсьледуецца Генпракуратурай Беларусі больш як два гады і якой улада ўдзяляе шмат увагі. Цяпер можна будзе вынесьці выракі афіцэрам нямецкіх войскаў або іхным памагатым.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Палата прадстаўнікоў у двух чытаньнях прыняла закон аб крымінальным перасьледзе памерлых. Пракурор Швед патлумачыў, навошта гэта