З такім заклікам да ўладаў выступіла Літоўская нацыянальная асацыяцыя аўтамабільных перавозчыкаў Linava.
Прадстаўнік перавозчыкаў ужо накіроўваў такую просьбу ў Мытны дэпартамэнт Міністэрства фінансаў і Міністэрства транспарту і сувязі.
«Паколькі сытуацыя не паляпшаецца ўжо два тыдні, і мы разумеем, што літоўская мытня ня ў стане самастойна павялічыць прапускную здольнасьць, мы просім улады прыняць тэрміновыя меры для вырашэньня сытуацыі. Чым даўжэй будзе працягвацца затрымка, тым праўдападобней, што мы атрымаем самы вялікі крызіс у гісторыі памежнага і транспартнага сэктара Літвы», — заявіў генэральны сакратар Linava Зянонас Буйвідас.
Паводле яго слоў, «падобны крызіс з чэргамі грузавікоў адбыўся ў лютым», таму «дзяржава магла падрыхтавацца загадзя».
Паводле інфармацыі асацыяцыі, раніцай 15 чэрвеня ў чарзе на літоўска-беларускай мяжы было каля 1400 грузавікоў — «прыкладна на 100 менш, чым 14 чэрвеня».
Пры гэтым час чаканьня праверкі на мяжы складае ад 21 да 50 гадзін.
Паводле зьвестак Мінтрансу Літвы,
- у Медніках (зь беларускага боку — Каменны Лог) чаргі чакалі 520 фур (днём раней — 530),
- Райгардасе (Прывалка) — 317 (386),
- Салечніках (Беняконі) — 380 (400),
- Лаварышкі (Катлоўка) — 220 (200).
Служба аховы дзяржаўнай мяжы Літвы сьцьвярджае, што чэргі выкліканы закрыцьцём польскіх пунктаў пропуску, больш строгімі мытнымі праверкамі і «не прыстасаванай да такіх патокаў інфраструктурай».
5 чэрвеня літоўская мытня ўзмацніла кантроль за транзытам празь Беларусь і Расеі тавараў, якія забаронена прадаваць гэтым краінам. Рашэньне было прынята ў сувязі зь «нетыповым ростам гандлю з асобнымі трэцімі краінамі», а таксама ў мэтах прадухіленьня «магчымага абыходу санкцый».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Памежным камітэце і службах памежнага кантролю пракамэнтавалі ўзмоцненыя праверкі на мяжы