Палата прадстаўнікоў ухваліла праект закону «Аб народным апалчэньні». Апалчэнцам дазволяць трымаць зброю дома

Беларускія апалчэнцы на зборах

Законапраект вызначае парадак фармаваньня народнага апалчэньня, а таксама надзяляе апалчэнцаў правам прымяняць сілу і зброю, праводзіць затрыманьні.

Палата прадстаўнікоў 15 чэрвеня ў другім чытаньні прыняла праект закону «Аб народным апалчэньні». Цяпер ён мае паступіць для галасаваньня ў Савет Рэспублікі.

Два тыдні таму з дакладамі аб праекце выступаў міністар абароны Беларусі Віктар Хрэнін. 31 траўня, прадстаўляючы праект у першым чытаньні, Хрэнін сказаў:

«Пры распрацоўцы законапраекту за аснову быў узяты сучасны досьвед стварэньня добраахвотніцкіх фармаваньняў тэрытарыяльных грамад Украіны ў 2022 годзе».

Праектам закону прадугледжваецца надзяленьне ўраду паўнамоцтвамі вызначаць захады ў падрыхтоўцы да фармаваньня народнага апалчэньня, якія праводзяцца ў мірны час мясцовымі органамі ўлады, парадак фармаваньня (расфармаваньня) народнага апалчэньня, камплектаваньня і вядзеньня ўліку добраахвотнікаў, залічэньня іх у народнае апалчэньне і выхаду.

Праект вызначае правы і абавязкі, гарантыі прававой і сацыяльнай абароны добраахвотніка, яго адказнасьці.

У ходзе падрыхтоўкі законапраекту ён быў дапоўнены палажэньнем, якое вызначае паўнамоцтвы мясцовых органаў улады паведамляць наймальнікам аб залічэньні работнікаў у атрады народнага апалчэньня.

Як расказаў дэпутат Яўген Зайцаў, у законе прапісана асобнае палажэньне, хто ня мае права быць добраахвотнікам народнага апалчэньня.

Асобна законам прадугледжваецца захоўваньне зброі пры добраахвотніку. Яна будзе знаходзіцца дома, а парадак захоўваньня гэтай зброі будзе вызначаны адпаведнымі дакумэнтамі, пастановай ураду.

Раней на Нацыянальным прававым інтэрнэт-партале апублікавалі праект закону «Аб народным апалчэньні». Праект закону прадугледжвае, што добраахвотнікі, якія знаходзяцца ў атрадах апалчэньня, будуць мець правы:

  • прымяняць фізычную сілу;
  • прымяняць і выкарыстоўваць зброю на ўмовах і ў межах, вызначаных заканадаўчымі актамі для вайскоўцаў, супрацоўнікаў ваенізаваных арганізацый, прыцягнутых да забесьпячэньня ваеннага становішча;
  • затрымліваць асоб, якія зрабілі злачынства або адміністрацыйнае правапарушэньне, для перадачы ў органы, упаўнаважаныя ажыцьцяўляць крымінальны перасьлед або весьці адміністрацыйны працэс.

У апалчэньне ня будуць залічваць грамадзян:

  • якія адбываюць пакараньне ў выглядзе арышту, абмежаваньня волі з накіраваньнем у папраўчую ўстанову адкрытага тыпу, пазбаўленьня волі на пэўны тэрмін або пажыцьцёвага пазбаўленьня волі;
  • у дачыненьні да якіх прыменена мера стрыманьня ў выглядзе ўзяцьця пад варту або хатняга арышту;
  • у адносінах да якіх прынята рашэньне аб інтэрнаваньні;
  • прызнаных у вызначаным парадку недзеяздольнымі або абмежавана дзеяздольнымі;
  • якія маюць захворваньні або фізычныя заганы, пры наяўнасьці якіх проціпаказана валоданьне зброяй.

27 траўня кіраўнік Мінабароны Беларусі Віктар Хрэнін заявіў, што з улікам «нэгатыўнага ўкраінскага досьведу» Лукашэнка паставіў задачу стварыць народнае апалчэньне. У выпадку ваенных дзеяньняў, паводле Лукашэнкі, атрады народнага апалчэньня «могуць трансфармавацца ў партызанскі рух і стаць рэзэрвай для тэрытарыяльнай абароны».

Паводле разьлікаў Міністэрства абароны, у народнае апалчэньне могуць увайсьці 100–150 тысяч чалавек. Пры гэтым у ведамстве не выключаюць, што добраахвотнікаў можа быць болей.

26 лютага старшыня Савету бясьпекі Беларусі Аляксандар Вальфовіч заявіў, што чальцам «народнага апалчэньня» выдадуць стралковую зброю.