Палата прадстаўнікоў прыняла ў двух чытаньнях праект закону «Аб зьмене Крымінальна-працэсуальнага кодэксу Рэспублікі Беларусь». Дакладчыкам быў генэральны пракурор Рэспублікі Беларусь Андрэй Швед.
Законапраект падрыхтавала Генэральная пракуратура Рэспублікі Беларусь для артыкулу 3 закону «Аб генацыдзе беларускага народу».
Праектам закону прадугледжваецца карэктаваньне артыкулу 492 КПК у частцы вядзеньня па матэрыялах і крымінальнай справе ў выпадку сьмерці падазраванай, абвінавачанай асобы, да якіх не прымяняюцца тэрміны даўнасьці, паведаміла прэсавая служба Палаты прадстаўнікоў.
Памерлым, на якіх завядуць крымінальныя справы, будзе прызначацца адвакат, ад яго паслуг адмовіцца нельга (нават калі гэтага захочуць сваякі абвінавачанага, прызнаныя яго прадстаўнікамі).
Новаўвядзеньне ў Крымінальна-працэсуальны кодэкс Беларусі аб крымінальным перасьледзе памерлых спатрэбілася ўладам у сувязі са справай аб генацыдзе беларускага народу ў гады Другой сусьветнай вайны, якая расьсьледуецца Генпракуратурай Беларусі больш як два гады і якой улада ўдзяляе шмат увагі. Цяпер можна будзе вынесьці выракі афіцэрам нямецкіх войскаў або іхным памагатым.
Крымінальныя справы супраць мёртвых могуць завесьці паводле дзесяці артыкулаў, паведамляе Zerkalo.io.
Сярод іх:
- падрыхтоўка або вядзеньне агрэсіўнай вайны (арт. 122 КК);
- акт міжнароднага тэрарызму (арт. 126 КК);
- генацыд (арт. 127 КК);
- злачынствы супраць бясьпекі чалавецтва (арт. 128 КК);
- вытворчасьць, назапашваньне або распаўсюд забароненых сродкаў вядзеньня вайны (арт. 129 КК);
- экацыд (арт. 131 КК);
- прымяненьне зброі масавага паражэньня (арт. 134 КК);
- парушэньне законаў і звычаяў вайны (арт. 135 КК);
- злачынныя парушэньні нормаў міжнароднага гуманітарнага права падчас узброеных канфліктаў (арт. 136 КК);
- бязьдзейнасьць або адданьне злачыннага загаду падчас узброенага канфлікту (арт. 137 КК).
Справа «аб генацыдзе беларускага народу»
Справу аб генацыдзе беларускага народу ініцыявалі ў Беларусі пасьля пратэстаў супраць фальсыфікацыі прэзыдэнцкіх выбараў. Па выніках расьсьледаваньня крымінальнай справы пракуроры прыйшлі да высновы, што ў Беларусі было зьнішчана ня менш за 10,5 тысячы населеных пунктаў і забіта сама меней 3 млн чалавек. У кастрычніку мінулага году завяршыла працу спэцыяльная ўрадавая камісія, якая вызначала матэрыяльную шкоду, нанесеную ў гады ІІ сусьветнай вайны БССР.
Швед раскрытыкаваў краіны Эўропы за нежаданьне дапамагчы ў расьсьледаваньні справы аб генацыдзе і патлумачыў гэта тым, што там цяпер кіруюць ідэалягічныя нашчадкі нацыстаў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Беларусі хочуць заводзіць крымінальныя справы на мёртвых. І вось навошта