Пракрамлёўскі палітоляг, навуковы кіраўнік факультэту сусьветнай эканомікі і сусьветнай палітыкі Вышэйшай школы эканомікі Сяргей Караганаў заклікаў да прымяненьня Расеяй ядзернай зброі супраць краін Захаду.
На думку Караганава, якую ён выказаў у часопісе «Профиль» (артыкул таксама перадрукаваў вядомы сайт «Россия в глобальной политике», які лічыцца больш рэспэктабэльным), «прымяненьне ядзернай зброі можа засьцерагчы чалавецтва ад глябальнай катастрофы».
Сваю думку Караганаў фактычна абгрунтоўвае няўдачамі Расеі ў вайне ва Ўкраіне. Пры гэтым, як лічыць палітолаг, нават перамога ў вайне з Украінай — і нават гіпатэтычнае ўзяцьце ўсёй украінскай тэрыторыі пад кантроль Расеі — не дапаможа завяршыць «сутыкненьне з Захадам».
Расея, на думку Караганава, на доўгія гады «загразне» ва Ўкраіне, адцягваючыся ад «востра неабходнага зруху яе духоўнага, эканамічнага, вайскова-палітычнага цэнтру на ўсход Эўразіі». А Захаду, мяркуе Караганаў, толькі таго і трэба.
Таму Расеі, лічыць Караганаў, неабходна поўная перамога не над Украінай, а над самім Захадам. Караганаў прапануе «аднаўляць пераканаўчасьць ядзернага стрымліваньня, паніжаючы недапушчальна задраны парог прымяненьня ядзернай зброі, ашчадна, але хутка ідучы ўгору па лесьвіцы стрымліваньня-эскаляцыі». Першыя крокі, на яго думку, ужо зроблены. Караганаў тут згадвае магчымае разьмяшчэньне расейскай тактычнай ядзернай зброі ў Беларусі, але прапануе фактычна выставіць Захаду ультыматум. А ў выпадку яго невыкананьня «біць па групе цэляў у шэрагу краін, каб прывесьці ў прытомнасьць тых, хто страціў розум».
З тэксту вынікае, што гаворка ідзе пра цэлі ў Цэнтральнай і Ўсходняй Эўропе. Пасьля гэтага, лічыць Караганаў, ЗША і NATO здадуцца, таму што ў Амэрыцы не захочуць рызыкаваць Вашынгтонам «дзеля ўмоўнай Познані». Як піша Караганаў, Кітай і іншыя краіны незаходняга сьвету ўрэшце падзякуюць Расеі за збавеньне ад заходняй «гегемоніі».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Лукашэнка заявіў, што ў Беларусі ўжо ёсьць ракеты і бомбы з Расеі: «Бомба ўтрая магутнейшая, чым у Хірасіме і Нагасакі»Лукашэнка абяцае хуткую дастаўку ядзернай зброі ў Беларусь
Як паведаміла дзяржаўнае інфармацыйнае агенцтва БелТА, Лукашэнка сказаў 13 чэрвеня, што разьмяшчэньне ў Беларусі ядзернай зброяй было «ягонай просьбай і настойлівым патрабаваньнем да расейскага боку, каб гарантаваць бясьпеку нашай краіны». Таксама Лукашэнка заявіў, што ў Беларусі ядзерная зброя зьявіцца ўжо празь некалькі дзён.
«Усё гатова. Думаю, пройдзе некалькі дзён, і мы будзем мець тое, што мы і прасілі. І нават крыху больш», — сказаў Аляксандар Лукашэнка.
Прычына прымяненьня такой зброі, паводле яго, можа быць толькі адна — агрэсія супраць Беларусі:
«Ня дай Бог мне давядзецца прымаць рашэньне на прымяненьне гэтай зброі ў сучасны час. Але ніякага ваганьня ня будзе, калі толькі супраць нас будзе агрэсія», — сказаў Лукашэнка.
У Расеі заяўлялі, што расейская тактычная ядзерная зброя ў Беларусі застанецца пад іх кантролем.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У ЗША ня бачаць прыкметаў перамяшчэньня ядзернай зброі з Расеі ў БеларусьЯкую міжнародную дамову гэта парушае
Беларусь і Расея — удзельнікі Дамовы аб нераспаўсюджаньні ядзернай зброі. Згодна з дамовай, кожная зь яго дзяржаў-удзельніц абавязуецца не перадаваць і не прымаць такую зброю. У тым ліку — у выглядзе прамога або ўскоснага кантролю.
Аб разьмяшчэньні ў Беларусі тактычных ядзерных зарадаў расейскай арміі стала вядома ў сакавіку. Тады прэзыдэнт Расіі Ўладзімір Пуцін заяўляў, што размова не ідзе аб перадачы ядзернай зброі Менску. Цяпер Лукашэнка кажа, што зброю фактычна вяртаюць Менску.
«Спачатку я прасіў Пуціна. Потым я настойліва па-сяброўску запатрабаваў — вярні мне пакуль гэтую (тактычную, а не стратэгічную) зброю. Мне яе дастаткова», — сказаў Лукашэнка. — «Гэта было маё патрабаваньне. Гэта не Расія мне навязвала. Чаму? Таму што з ядзернай дзяржавай, як вы ўсё кажаце, ніхто яшчэ ў сьвеце не ваяваў».
Пасьля распаду Савецкага Саюза Беларусь стала адной з трох краін-удзельніц былога СССР, якія пагадзіліся добраахвотна адмовіцца ад ядзерных узбраеньняў. Краіна ўпершыню заявіла аб сваім намеры стаць бязьядзернай зонай у 1990 годзе ў дэклярацыі аб дзяржаўным сувэрэнітэце. Вывад ядзернай зброі з яго тэрыторыі завяршыўся ў 1996 годзе, калі Лукашэнка ўжо два гады займаў пасаду прэзыдэнта краіны.
12 чэрвеня афіцыйны прадстаўнік Рады нацыянальнай бясьпекі ЗША Джон Кірбі заявіў, што ў ЗША пакуль ня бачаць прыкметаў таго, што ядзерная зброя ўжо перамяшчаецца з Расеі ў Беларусь.
Джон Кірбі назваў заявы Аляксандра Лукашэнкі «безразважным і безадказным» падыходам у размовах аб ядзерным патэнцыяле.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Пра ядзерную зброю на тэрыторыі Беларусі Лукашэнка даведваецца ад ПуцінаПляны разьмяшчэньня ядзернай зброі ў Беларусі. Асноўнае
25 сакавіка прэзыдэнт Расеі Ўладзімір Пуцін у этэры тэлеканалу «Россия-24» заявіў, што 1 ліпеня ў Беларусі скончыцца будаўніцтва сховішча для тактычнай ядзернай зброі. Паводле яго, Аляксандар Лукашэнка ўжо доўгі час прасіў яго разьмясьціць тактычную ядзерную зброю ў Беларусі. Акрамя таго, Масква ўжо перадала Менску ракетны комплекс «Іскандэр», які можа выкарыстоўваць гэтую зброю, і што дзесяць беларускіх самалётаў нібыта ўжо пераабсталявалі для нясеньня такой зброі.
Сакратар Рады нацыянальнай бясьпекі і абароны Ўкраіны Аляксей Данілаў заявіў, што разьмяшчэньне ядзернай зброі зьяўляецца крокам да «да ўнутранай дэстабілізацыі краіны і максымальна падвышае ўзровень нэгатыўнага ўспрыманьня і агульнага адпрэчаньня ў беларускага грамадзтва Расеі і Пуціна».
Міністэрства замежных спраў Украіны запатрабавала тэрмінова склікаць паседжаньне Рады Бясьпекі ААН у сувязі з заявай Пуціна аб разьмяшчэньні расейскай ядзернай зброі ў Беларусі.
У Пэнтагоне пасьля заявы Пуціна адзначылі, што пакуль ня бачылі ніякіх прыкметаў перамяшчэньня ядзернай зброі на тэрыторыю Рэспублікі Беларусь.
Некаторыя вайсковыя экспэрты таксама адзначылі, што да разьмяшчэньня такой зброі ў Беларусі насамрэч нічога не гатова. Іншыя дасьледчыкі гавораць аб тым, што ядзерная зброя ўсё ж зьявіцца, і гэта пацягне за сабой заснаваньне сталых вайсковых базаў Расеі на беларускай тэрыторыі.
У Міністэрстве замежных спраў Беларусі 28 сакавіка заявілі, што рашэньне аб разьмяшчэньні на тэрыторыі краіны ядзернай зброі ўхвалена ў адказ на «беспрэцэдэнтны палітычны, эканамічны і інфармацыйны ціск з боку ЗША, Вялікай Брытаніі і іх хаўрусьнікаў па NATO, а таксама дзяржаў Эўрапейскага зьвязу».
Прапагандысты ў дзяржаўных СМІ пазытыўна ацанілі намеры Расеі перакінуць тактычную ядзерную зброю на тэрыторыю Беларусі і пачалі пагражаць ударамі заходнім дзяржавам.
Эўразьвяз і Польшча заявілі аб тым, што зьбіраюцца ўвесьці больш жорсткія санкцыі супраць Менску ў выпадку разьмяшчэньня тактычнай ядзернай зброі.
Кітай заклікаў не дапусьціць далейшай канфрантацыі ядзерных дзяржаў. Між іншым, у сумеснай заяве, прынятай па выніках нядаўняй сустрэчы старшыні КНР Сі Цзіньпіна і прэзыдэнта Расеі Ўладзіміра Пуціна, ёсьць пункт:
«Усе ядзерныя дзяржавы не павінны разьмяшчаць ядзерную зброю за межамі нацыянальных тэрыторый і павінны вывесьці ўсю разьмешчаную за мяжой ядзерную зброю».
Прадстаўнік Аб’яднанага пераходнага кабінэту ў абароне і нацыянальнай бясьпецы Валер Сахашчык у інтэрвію Свабодзе дапусьціў, што намеры расейцаў могуць актывізаваць партызанскі рух у Беларусі.
Пляны Расеі разьмясьціць тактычную ядзерную зброю ў Беларусі ёсьць «небясьпечнай і безадказнай рыторыкай» Масквы, заявіў генэральны сакратар Паўночнаатлянтычнага альянсу Енс Столтэнбэрг літоўскім журналістам на дыстанцыйнай прэс-канфэрэнцыі 27 красавіка. Пляны Расеі асудзілі краіны Захаду, прадстаўнікі беларускіх дэмакратычных сілаў, насьцярожана выказаўся Кітай.
16 траўня пастаянны прадстаўнік Беларусі ў ААН Валянцін Рыбакоў падчас дэбатаў аб месцах непастаянных чальцоў Рады Бясьпекі ААН на 2024–2025 гады, камэнтуючы пытаньне аб разьмяшчэньні на тэрыторыі Беларусі расейскай тактычнай ядзернай зброі, сказаў, што заява Расеі — «перш за ўсё гэта проста заява» і «нічога ў практычным сэнсе не было зроблена ў гэтых адносінах».
Кіраўнік Міністэрства абароны Беларусі Віктар Хрэнін сустрэўся з расейскім калегам Сяргеем Шайгу, які прыляцеў 25 траўня 2023 году ў Менск. Міністры падпісалі дакумэнты, якія вызначаюць парадак утрыманьня расейскай нестратэгічнай ядзернай зброі ў адмысловым сховішчы на тэрыторыі Беларусі, паведамілі дзяржаўныя СМІ. Шайгу падкрэсьліў, што «кантроль над зброяй і рашэньне аб ужываньні застаецца за Масквой».
9 чэрвеня ў Сочы кіраўнік Расеі Пуцін заявіў, што 7–8 ліпеня на тэрыторыі Беларусі скончыцца падрыхтоўка «адпаведных збудаваньняў», пасьля чаго з Расеі адразу завязуць тактычную ядзерную зброю.
13 чэрвеня Лукашэнка заявіў, што ядзерная зброя ў Беларусі ў тры разы магутнейшая за прымененую амэрыканцамі ў 1945-м у Хірасіме і Нагасакі. 16 чэрвеня Пуцін на эканамічным форуме ў Санкт-Пецярбургу адзначыў, што першыя ядзерныя зарады ўжо даставілі ў Беларусь.
19 чэрвеня прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн назваў «рэальнай» пагрозай тое, што Пуцін аддасьць загад аб выкарыстаньні тактычнай ядзернай зброі падчас вайны супраць Украіны.
Кіраўнік выведкі Ўкраіны Кірыл Буданаў 20 чэрвеня заявіў, што, згодна са зьвесткамі выведкі, Расея пакуль не перадала Беларусі ніводнай ядзернай боегалоўкі. Аднак ён адзначыў, што падрыхтоўка сховішчаў пад ТЯЗ сапраўды вядзецца.