На падставе зьвестак аб перамяшчэньні ўкраінскіх дзяцей у Беларусь генэральны пракурор Літвы Ніда Грунскене адкрыла дасудовае расьсьледаваньне паводле арт. 102 і 1002 КК (дэпартацыя, перасяленьне мірных жыхароў і разлучэньне дзяцей), паведаміла прэс-служба нагляднага органу Літвы.
Пракуратура Літвы прыняла такое рашэньне, ацаніўшы інфармацыю «аб магчымым незаконным перасяленьні ўкраінскіх дзяцей на тэрыторыю Беларусі і ролі прадстаўнікоў беларускіх уладаў у садзейнічаньні гэтым злачынным дзеяньням».
9 чэрвеня літоўскае замежнапалітычнае ведамства паведаміла, што міністар Габрыелюс Ландсбергіс перадаў Генпракуратуры адпаведныя зьвесткі, раней атрыманыя ад беларускага дэмакратычнага лідэра Сьвятланы Ціханоўскай.
У дакумэнтах, якія кіраўнік МЗС прыклаў да ліста генпракурору, гаворыцца, што з пачатку вайны «больш за 2 тысячы ўкраінскіх дзяцей, у асноўным сірот, былі незаконна перамешчаныя з часова акупаваных Расеяй тэрыторый Украіны ў лягеры ў Беларусі», імаверна, «па ўказаньні беларускага рэжыму ці зь яго згоды».
«Незаконная дэпартацыя або перасяленьне цывільных асоб кваліфікуюцца як злачынствы супраць чалавечнасьці і ваенныя злачынствы, — зазначыў Ландсбергіс. — Гэтыя дзеяньні караюцца як у адпаведнасьці з крымінальным заканадаўствам Літоўскай Рэспублікі, так і ў адпаведнасьці зь міжнародным правам. Трэба ацаніць ня толькі дзеяньні Расеі, але і патэнцыйны саўдзел прадстаўнікоў беларускіх уладаў (у тым ліку вышэйшых службовых асоб) і кантраляваных імі суб’ектаў ва ўчыненьні ваенных злачынстваў ва Ўкраіне і супраць украінскіх жыхароў».
17 сакавіка Міжнародны крымінальны суд у Гаазе выдаў ордэр на арышт прэзыдэнта Расеі Ўладзіміра Пуціна і дзіцячага амбудсмэна Марыі Львовай-Бяловай за незаконную дэпартацыю дзяцей з акупаваных тэрыторый Украіны ў Расею.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Дзецям не дазваляюць быць украінцамі». Як рэжым Лукашэнкі дапамагае русыфікаваць украінскіх дзяцей3 чэрвеня дзяржсакратар «саюзнай дзяржавы» Дзьмітрый Мезенцаў заявіў, што ў «аздараўленчых лягерах Менскай вобласьці» пабывала больш за 2 тыс. дзяцей з так званых «данецкай і луганскай народных рэспублік» — раёнаў Данецкай і Луганскай абласьцей Украіны, якія не кантралююцца Кіевам. Ён сьцьвярджае, што ў Беларусь іх адпраўлялі нібыта на законных падставах.
Кіеў кваліфікуе падобную практыку як незаконнае перамяшчэньне. Офіс генпракурора Украіны распачаў крымінальнае вядзеньне па факце «прымусовай дэпартацыі больш як 19 тысяч дзяцей» з акупаваных тэрыторый Данбасу, Луганскай, Запароскай, Херсонскай і Харкаўскай абласьцей, у тым ліку ў Беларусь.
- Беларускія дэмакратычныя сілы спрабуюць даказаць удзел рэжыму Лукашэнкі ў такім жа самым злачынстве, каб прыцягнуць яго да адказнасьці.
- У пачатку траўня «Народнае антыкрызіснае ўпраўленьне» на сустрэчах з кіраўніцтвам Рады Эўропы і Эўрапарлямэнту прадставіла справаздачу аб незаконным перамяшчэньні ўкраінскіх дзяцей у Беларусь.
- Паводле кіраўніка НАУ Паўла Латушкі, дакумэнт зьмяшчае «больш за 150 старонак фактычных абставін учыненых злачынстваў, прававога абгрунтаваньня і доказаў».