Расейцы стварылі прыватную ваенную кампанію зь «мёртвымі душамі», — Хрыста Грозеў

Хрыста Грозеў з расьсьледніцкага праекту Bellingcat

Журналіст-расьсьледнік Хрыста Грозеў расказаў Радыё Свабода, што на пачатку маштабнага ўварваньня Расеі ва Ўкраіну генэралы расейскай вайсковай выведкі паспрабавалі зарабіць на тым, каб стварыць альтэрнатыўную прыватную ваенную кампанію.

Паводле Грозева, гэта кампанія «атрымала менавіта тыя бюджэты, якія інакш „Вагнэр“ атрымаў бы ў пачатку вайны. Людзі, якія працавалі на гэтым праекце, зь якімі я правёў даволі падрабязнае інтэрвію, сказалі, што 90% грошай былі скрадзеныя, не дайшлі да фронту, да людзей. Адзін з прыкладаў, як гэта рабілася, — яны наймалі ўжо забітых людзей».

Грозеў таксама сказаў, што прагназуе перамогу Ўкраіны ў вайне з Расеяй да канца гэтага году — у тым ліку, што будзе вызвалены Крым.

«Я нават думаю, што Крым больш імаверна вызваліць, чым Данбас, — сказаў Грозеў. — Матывацыя для ўкраінскага чалавека ў адносінах да Крыму настолькі моцная, што я ўпэўнены: ён будзе прыярытэтам. Данбас або частка Данбасу — гэта можна зрабіць, але я ня ўпэўнены, ці захочуць плаціць чалавечую цану за яго вызваленьне».

Цалкам гутарку можна прачытаць на сайце расейскай службы Радыё Свабода.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Скрасьці рэчы або атруціць. Выйшла расьсьледаваньне, як расейскія спэцслужбы пранікаюць у жыльлё крытыкаў Крамля