На некалькі гадзін арыштавалі былую кіраўніцу ўраду Шатляндыі

Нікола Стэрджэн і яе муж Пітэр Мюрэл

Брытанская паліцыя арыштавала былую першую міністарку ўраду Шатляндыі Ніколу Стэрджэн у сувязі з расьсьледаваньнем фінансаў Шатляндзкай нацыянальнай партыі (SNP), якую яна ўзначальвала.

Паліцыянты афіцыйна пацьвердзілі, што 52-гадовая жанчына была ў нядзелю ўзятая пад арышт і адказвае на пытаньні следчых. Як паведамляе BBC, брытанскія праваахоўныя органы звычайна не называюць імёнаў падазраваных, аднак гаворка ідзе менавіта пра былую кіраўніцу ўраду Шатляндыі.

АБНОЎЛЕНА: Празь некалькі гадзін допыту Стэрджэн вызвалілі.

Раней у рамках расьсьледаваньня быў затрыманы і адпушчаны без абвінавачаньняў муж Стэрджэн Пітэр Мюрэл, які займаў пасаду выканаўчага дырэктара SNP з 1999 году.

У сакавіку ён падаў у адстаўку — гэтак жа, як і яго жонка.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Шатляндыя пачала падрыхтоўку да новага рэфэрэндуму аб незалежнасьці

Нікола Стэрджэн займала цэнтральнае становішча ў палітыцы Шатляндыі і Вялікай Брытаніі на працягу дзесяці гадоў. Яна стала кіраўніком шатляндзкага ўраду ў 2014 годзе, пратрымалася на гэтай пасадзе рэкордныя восем зь лішнім гадоў і ператварылася ў сымбаль руху за незалежнасьць Шатляндыі.

Афіцыйнае расьсьледаваньне фінансаваньня SNP паліцыя пачала яшчэ ў ліпені 2021 году, калі атрымала скаргі на незаконнае выкарыстаньне ўнёскаў у казну партыі.

Найперш пад пытаньне ставілася расходаваньне партыйных фондаў на новую кампанію па правядзеньні рэфэрэндуму аб незалежнасьці Шатляндыі.