Другі энэргаблёк БелАЭС будзе адключаны праз 11 дзён пасьля пачатку досьледна-прамысловай эксплюатацыі

БелАЭС

Другі энэргаблёк Беларускай АЭС ізноў будзе адключаны ад сеткі, паведамляе прэс-служба Міністэрства энэргетыкі.

«У рамках праграмы досьледна-прамысловай эксплюатацыі на другім энэргаблёку БелАЭС працягваюцца выпрабаваньні сыстэм і абсталяваньня. З 10 чэрвеня будуць праводзіцца дасьледаваньні нэўтронна-фізычных характарыстык актыўнай зоны рэактара блёка са зьніжэньнем яго магутнасьці да мінімальна кантраляванага ўзроўню з адключэньнем ад сеткі», — зазначаецца ў рэлізе.

Этап досьледна-прамысловай эксплюатацыі другога энэргаблёку пачаўся 31 траўня. Ён «прадугледжвае паэтапнае павышэньне магутнасьці рэактарнай устаноўкі энэргаблёку з 50% да 100% з правядзеньнем вялікай колькасьці выпрабаваньняў тэхналягічных сыстэм і абсталяваньня на розных рэжымах работы блёку, у тым ліку з адключэньнем ад сеткі. Усяго такіх выпрабаваньняў будзе больш за 200. Цяпер ідзе ўздым магутнасьці рэактара блёка да 75% ад намінальнай», — адзначалася ў паведамленьні Мінэнэрга з нагоды пачатку этапу.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Другі энэргаблёк БелАЭС вярнулі ў энэргасыстэму праз паўтара дня пасьля адключэньня

Этап энэргетычнага пуску другога блёка, які папярэднічаў яму, працягнуўся 56 дзён. 13 траўня аб’ект выдаў у сетку першыя кіляват-гадзіны электрычнасьці. Да 31 траўня было выраблена 170,6 млн кВт·г.

Беларуская АЭС узводзіцца паблізу Астраўца (Горадзенская вобласьць) пераважна за кошт крэдыту Расеі па расейскім праекце ВВЭР-1200. Генэральным праектантам і генпадрадчыкам выступае інжынірынгавая кампанія «АСЭ», якая зьяўляецца галаўной арганізацыяй інжынірынгавага дывізіёну расейскай дзяржкарпарацыі «Росатом».

Пачатак прамысловай эксплюатацыі другога блёку заплянаваны на сёлетні кастрычнік.

  • Першы блёк БелАЭС пачаў выпрацоўваць электрычнасьць у рэжыме досьледна-прамысловай эксплюатацыі 3 лістапада 2020 году, у камэрцыйную эксплюатацыю яго ўвялі 10 чэрвеня 2021 году.
  • З моманту ўвядзеньня ў прамысловую эксплюатацыю першы энэргаблёк больш прастойваў, чым працаваў: 255 дзён з 488, або звыш 52% часу (па дадзеных на 11 кастрычніка 2022 году).
  • У канцы красавіка 2022 году першы энэргаблёк спынілі на рамонт, ён прастойваў паўгода — да 9 лістапада 2022-га.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Эканамічныя паказьнікі першага энэргаблёку Беларускай АЭС — сярод найгоршых у сьвеце, — навуковец Ажароўскі
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Нізкая якасьць абсталяваньня, праблемы з культурай бясьпекі». Якія хібы ў БелАЭС бачаць літоўскія экспэрты
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Наўседа пра БелАЭС: «Мы ня можам дапусьціць паўтарэньня Чарнобылю ў Эўропе»