Пілёт расейскай баявой авіяцыі Зьміцер Мішоў адмовіўся ўдзельнічаць у вайне і ўцёк у Літву, дзе папрасіў прытулку. Ён заявіў, што лічыць вайну ва Ўкраіне злачынствам, учыненым дзеля захаваньня ўлады прэзыдэнта Расеі Ўладзіміра Пуціна. Яго гісторыю расказала ВВС.
26-гадовы лейтэнант Мішоў — выпускнік Сызранскага вышэйшага вайсковага авіяцыйнага вучылішча, ён служыў у 15-й брыгадзе армейскай авіяцыі, якая зь першага дня вайны бярэ ўдзел у расейскім уварваньні ва Ўкраіну. За месяц да ўварваньня ў 2022 годзе пілёт падаў рапарт аб звальненьні з Узброеных сіл. Некалькі месяцаў ён служыў, паводле ўласных слоў, на беларускай тэрыторыі, у баявых дзеяньнях ня ўдзельнічаў, але перавозіў ваенныя грузы.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Пуцін на сустрэчы з Лукашэнкам у Сочы сказаў, калі ў Беларусь прывязуць расейскую ядзерную зброю
У красавіку яго вярнулі ў Расею, каб ён працягнуў афармляць сваё звальненьне. На пачатку восені Мішоў атрымаў загад аб звальненьні, ягоная служба ў войску павінна была скончыцца ў кастрычніку. Аднак у Расеі абвясьцілі мабілізацыю. Указ Уладзіміра Пуціна, акрамя іншага, забараняе афіцэрам звальняцца з арміі.
Мішоў паспрабаваў аспрэчыць адмену свайго звальненьня ў судзе, але ў сьнежні Пскоўскі гарнізонны вайсковы суд стаў пры разглядзе справы на бок камандаваньня. У студзені пілёта абавязалі адправіцца на фронт. Тады ён ускрыў сабе вены, каб страціць вышэйшую катэгорыю ацэнкі здароўя для службы, безь яе ён бы ня мог служыць у экіпажах верталётаў. Яму паведамілі, што ён усё роўна адправіцца на фронт і што супраць яго могуць узбудзіць крымінальную справу. Тады лейтэнант вырашыў схавацца за мяжой.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Актывістка Грэта Тунбэрг абвінаваціла Расею ў экацыдзе на поўдні Ўкраіны
Па словах Мішова, ён не адмовіўся б удзельнічаць у вайне, калі б гаворка ішла аб абароне Радзімы:
«Я вайсковец, я павінен абараняць сваю краіну ад агрэсіі. Я не павінен удзельнічаць, не павінен быць саўдзельнікам злачынства», — кажа афіцэр.
Ён расказаў ВВС, што сярод вайскоўцаў ёсьць невялікі адсотак прыхільнікаў і праціўнікаў вайны, астатнія ставяцца да яе індыфэрэнтна. Пасьля адступленьня расейскіх войскаў з Херсона некаторыя яго калегі «радаваліся, што горад пакінулі ў спакоі». Вайскоўцы ня вераць прапагандзе Крамля і ня лічаць, што ва Ўкраіне кіруюць нацысты ці што Кіеў рыхтаваў напад, кажа ён.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Вугоршчына ў абыход Кіева прыняла з Расеі групу ўкраінскіх ваеннапалонных вугорскага паходжаньня. У Кіеве адрэагаваліМішоў расказвае, што верталёты за лінію фронту адпраўлялі без ракет, са зламаным абсталяваньнем, безь цеплавых пастак, якія абараняюць тэхніку ад ракет праціўніка. За час вайны полк, у якім служыў Мішоў, страціў амаль 20 працэнтаў верталётаў, два зь іх былі ўзарваныя дывэрсантамі.
У Эўропе пілёт спадзяецца атрымаць прытулак, новую адукацыю і «пабудаваць новае жыцьцё». У Літву ён трапіў, тайна перайшоўшы мяжу празь лес, як сьцьвярджаецца, з дапамогай антыпуцінска настроеных адстаўных афіцэраў. Пераход зрабіў 28 траўня: у Беларусі і Расеі ў гэты дзень адзначаецца Дзень памежніка.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Літовец расказаў пра няўдалую спробу заехаць у Беларусь: задавалі пытаньні пра Лукашэнку, Пуціна і вайну