Вядомая швэдзкая экаактывістка Грэта Тунбэрг жорстка адрэагавала на катастрофу на Кахоўскай ГЭС ва Ўкраіне.
Тунбэрг апублікавала 8 чэрвеня ў Twitter рэтвіт зь відэасюжэтам аб катастрофе на гідраэлектрастанцыі і назвала тое, што здарылася, «яшчэ адным зьверствам» з боку Расеі. Яна запатрабавала прыцягнуць Маскву да адказнасьці за злачынствы:
«Гэты экацыд, як працяг не справакаванага поўнамаштабнага ўварваньня Расеі ва Ўкраіну, — яшчэ адно зьверства, ад якога сьвет траціць дар мовы, — напісала Тунбэрг. — Нашы погляды зноў накіраваныя на Расею, якая павінна адказаць за свае злачынствы».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Зьнішчэньне Кахоўскай дамбы: вэрсіі і наступствы для экалёгіі, энэргетыкі і эканомікі Ўкраіны
Разбурэньне дамбы Кахоўскай ГЭС
Грэбля Кахоўскай гідраэлектрастанцыі, якую ўжо больш за год кантралююць расейскія войскі, была разбураная ў ноч на 6 чэрвеня. Пачаўся некантраляваны скід вады ўніз па цячэньні Дняпра. Кіеў і Масква абвінавачваюць у катастрофе адно аднаго. Незалежныя аналітыкі дапускаюць, што дамба магла разбурыцца як у выніку начнога падрыву ці абстрэлу, так і ад атрыманых раней пашкоджаньняў.
У выніку разбурэньня грэблі падтопленымі аказаліся дзясяткі населеных пунктаў і каля пяці тысяч жылых дамоў у Херсонскай вобласьці. Па дадзеных МУС Украіны, па стане на вечар 8 чэрвеня з затопленых тэрыторый былі эвакуаваныя 2339 чалавек, у тым ліку 120 дзяцей. Кіеў называе аварыю самай буйной рукатворнай і тэхнагеннай катастрофай у сьвеце за апошнія дзесяцігоддзі.
Кахоўская ГЭС — ніжняя прыступка Дняпроўскага каскаду электрастанцый. Знаходзіцца ў Херсонскай вобласьці. Яе ўзводзілі шэсьць гадоў, пачынаючы з 1950 году. Цяпер станцыя не вырабляе электраэнэргіі і, адпаведна, не працуе ў складзе ўкраінскай энэргасыстэмы. У 2020 годзе ўрад Украіны ўхваліў рашэньне аб далейшай разбудове станцыі і будаўніцтве Кахоўскай ГЭС-2, але праз вайну рэалізацыя праекту так і не пачалася.
Раней «Укргідроенерго» паведамляла, што Расея стварыла на ГЭС сваю вайсковую базу. Гідраэлектрастанцыя знаходзіцца за 5 км ад Новай Кахоўкі, таксама акупаванай расейцамі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Улады Ўкраіны: расейскія войскі падарвалі дамбу акупаванай Кахоўскай ГЭС. ФОТА і ВІДЭА